Мінск 19:48

У Калмыкіі ў траўні пачнуць будаваць дылерскі цэнтр МТЗ — на 100 трактароў

Ілюстратыўнае фота: МТЗ

3 красавіка, Позірк. У сталіцы Калмыкіі Элісце ў траўні пачнецца “маштабнае будаўніцтва” дылерскага цэнтра Мінскага трактарнага завода, паведамляе рэгіянальны тэлеканал “РІА Калмыкія”.

Чакаецца, што 20–21 траўня гэтую рэспубліку ў складзе Расійскай Федэрацыі наведае дэлегацыя з Мінска. Гэтымі днямі пройдзе чарговае пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве.

Дылерскі цэнтр з’явіцца “на ўчастку плошчай адзін гектар” на тэрыторыі Усходняй прамысловай зоны. Там будуць складскія памяшканні, офіс продажаў, станцыя тэхабслугоўвання, рамонтная база, а таксама пляцоўка, прыдатная для размяшчэння “да 100 трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі”.

“Будаўніцтва дылерскага цэнтра ў Элісце <…> дазволіць нарасціць аб’ёмы ўраджаю гародніны, бахчавых, рысу, бульбы, і прывядзе да скарачэння выдаткаў у жывёлагадоўлі. А таксама дазволіць стварыць новыя працоўныя месцы і забяспечыць падатковыя адлічэнні ў бюджэт”, — заявіў намеснік старшыні ўрада Калмыкіі Дзмітрый Трапезнікаў.

Будаўніцтва цэнтра МТЗ прадугледжана пагадненнем, якое ў 2023 годзе падпісалі гендырэктар беларускага завода Віталь Воўк і кіраўнік Калмыкіі Бату Хасікаў.

Напрыканцы мінулага года, паводле інфармацыі тэлеканала, у Элісце адкрыўся “часовы дылерскі цэнтр МТЗ”, які здолеў прадаць 35 адзінак тэхнікі на 81 млн расійскіх рублёў і запчасткі на 18,5 млн (агулам каля 1 млн долараў).

На сустрэчы ў чэрвені 2023 года Хасікаў і амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты дамовіліся “прапрацаваць магчымасць” будаўніцтва ў Калмыкіі “мультымадальнага транспартнага хаба”.

Летась 20 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Мінску з кіраўніком Калмыкіі пацвердзіў зацікаўленасць у авіярэйсе з Элісты ў сталіцу Беларусі “сіламі расійскіх авіяперавозчыкаў”. Ён паабяцаў “эксклюзіўныя прэферэнцыі для расійскіх авіякампаній” у нацыянальным аэрапорце Мінск.

Падзяліцца: