Мінск 14:43

Лукашэнка абвінаваціў Захад у падштурхванні праціўнікаў рэжыму да тэрактаў у Беларусі

Архіўнае фота: прэс-служба Лукашэнкі

8 красавіка, Позірк. “Заходнія куратары” кажуць “збеглым” (праціўнікам рэжыму ў Мінску, якія знаходзяцца за мяжой) пра неабходнасць здзейсніць у Беларусі тэрарыстычныя акты, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 8 красавіка Уладзіміра Перцова намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі.

“Мы абсалютна ведаем, чым яны (праціўнікі рэжыму. — “Позірк”.) там займаюцца, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Бегаюць па розных цэнтрах прыняцця рашэнняў і дарадцах ад Амерыкі да Бруселя, просяць грошы. І самае галоўнае: “Дайце на СМІ, на СМІ, на СМІ!” На што куратары ім кажуць: “Хлопцы, у СМІ ужо былі, трэба нешта гарачэйшае”. Тыпу маскоўскага гэтага “Крокус Сіці”, крый божа”.

Ён таксама сцвярджае, што маюцца намеры арганізаваць узброенае супрацьстаянне, каб “зайсці ў Беларусь і хаця б кавалачак зямлі захапіць, абвясціць уладу сваю і паклікаць сюды замежных… ну не наймітаў, а ўжо войскі”.

“Наколькі гэта магчыма, я інфармую грамадства і нашых людзей пра асноўныя моманты, — падкрэсліў Лукашэнка. — Але я ж разумею, што сітуацыя няпростая. І ўсё сышлося зараз на СМІ. Цяпер гэтыя сектары нашага жыцця адыгрываюць найважнейшую ролю ўвогуле ў развіцці Беларусі”.

Ён лічыць, што зараз ідзе інфармацыйная вайна, перш за ўсё ў СМІ. “Калі патрэбныя інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, гэта мы можам зрабіць проста. Але аснова ўсяго — праўда. Нам не трэба нічога прыдумляць”, — сцвярджае Лукашэнка.

“Вазьміце, напрыклад, інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі на мяжы. Нашто нам хлусіць? Паглядзіце, колькі трупаў валяецца сёння на мяжы. Снег сышоў — жах. Мне кожную раніцу дакладваюць. Яшчэ больш выкідваюць іх. Вось вам псіхалагічныя аперацыі — здымай і паказвай гэтых нягоднікаў, якія забіваюць людзей — мігрантаў — і выкідваюць на нашу тэрыторыю”, — дадаў ён.

Лукашэнка неаднаразова абвінавачваў Захад і сваіх палітычных апанентаў у падрыхтоўцы баявых адзінак для ўзброенай змены ўлады ў Беларусі ці спробы захапіць частку краіны. Выразных пацверджанняў таму прадстаўлена не было. Прапаганда і сілавікі перыядычна справаздачаць пра затрыманне “тэрарыстаў” з Украіны, праўдзівасць гэтай інфармацыі выклікае пытанні.

Крэмль рыхтуе тэракты ў Беларусі, у якіх абвінавацяць полк Каліноўскага, сцвярджае Інстытут Роберта Лансінга

3 красавіка, Позірк. Крэмль "працуе над арганізацыяй тэрактаў на тэрыторыі Беларусі, каб ускласці віну на полк Каліноўскага", з такім сцвярджэннем выступіў амерыканскі Інстытут Роберта Лансінга са спасылкай на неназванага "прадстаўніка еўрапейскай выведкі". У публікацыі сцвярджаецца, што "Масква даўно імкнецца ўцягнуць Беларусь у …
Падзяліцца: