Мінск 19:21

Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў зварот экс-палітвязня Фурманава

Крыніца: сайт ПЦ "Вясна"

11 красавіка, Позірк. Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальны зварот супраць Беларусі былога палітзняволенага, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Дзмітрыя Фурманава, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Беларусь выйшла з факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, звяртаюць увагу праваабаронцы. Гэта значыць, што Мінск больш не хоча прымаць скаргі, пададзеныя праз адпаведныя працэдуры ААН.

“Калі Беларусь не адкажа [на запыт КПЧ ААН], то адсутнасць адказу — гэта таксама адказ, — сказаў Фурманаў. — Гэта значыць, што дзяржаве няма чаго паведаміць у сваю абарону. То бок яны такім чынам прызнаюць сваю паразу, і ім няма чаго адказаць на тыя аргументы, якія ім дасылаюць”.

Фурманаў адзначыў: апынуўшыся за мяжой, “праз некаторы час вырашыў, што трэба адстойваць свае правы”. “Была магчымасць звярнуцца ў КПЧ ААН. І такім чынам мы [разам з правабаронцамі “Вясны”] падалі гэтую скаргу”, — дадаў ён.

Дзмітрый Фурманаў быў затрыманы 29 траўня 2020 года ў Гродна падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне Ціханоўскай. У той жа дзень быў затрыманы Сяргей Ціханоўскі. 

20 траўня 2021 года Фурманава асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

21 кастрычніка 2021 года палітвязень выйшаў на волю з калоніі № 3 (пасёлак Віцьба, Віцебскі раён). Неўзабаве з’ехаў з Беларусі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Фурманава вязнем сумлення.

Падзяліцца: