Мінск 19:44

Ухвалены праект пагаднення з Егіптам аб садзейнічанні ўзаемнаму гандлю

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

29 красавіка, Позірк. Праект пагаднення паміж урадамі Беларусі і Егіпта аб сістэме садзейнічання ўзаемнаму гандлю адобраны ў якасці асновы для перамоў, паведаміла 29 красавіка прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

На правядзенне перамоў упаўнаважаны Дзяржаўны мытны камітэт, на падпісанне пагаднення — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

29 красавіка з афіцыйным візітам у Егіпет адправіўся прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які па дарозе прызямліўся ў Сочы і правёў перамовы з мэрам горада Аляксеем Капайгародскім.

27 красавіка амбасадар Беларусі ў Каіры Сяргей Цярэнцьеў абмеркаваў з міністрам сельскай гаспадаркі і меліярацыі Егіпта Махамедам аль-Кусейрам “пытанні актывізацыі практычнай работы <…> групы па супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі”.

“Егіпецкі бок выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю ў галіне выпуску кармоў для жывёл, у прыватнасці шляхам прыцягнення беларускіх тэхналогій у Егіпет, а таксама ў сферах насенняводства, сельскагаспадарчага машынабудавання і захоўвання збожжа”, — паведаміла прэс-служба МЗС.

Сярод іншага заяўлена, што бакі дамовіліся пра падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і згаданым егіпецкім міністэрствам.

Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі былі ўстаноўленыя 1 лютага 1992 года. Амбасада Беларусі ў Егіпце адкрылася ў жніўні 1997 года.

У 2021 годзе двухбаковы тавараабарот склаў 62,68 млн долараў (беларускі экспарт — 41,77 млн, імпарт — 20,91 млн). Пазнейшыя даныя адсутнічаюць.

Падзяліцца: