Мінск 02:18

Вонкавы ціск на ўлады Беларусі можа паўплываць на сітуацыю з журналістамі ў няволі, лічыць Бастунец

Акцыя салідарнасці з беларускімі журналістамі, якія знаходзяцца ў няволі (3 мая 2024 года, Вільнюс)
Фота: "Позірк"

3 траўня, Позірк. Да сённяшняга дня медыясектар у Беларусі прыйшоў у вельмі дрэнным стане, такое меркаванне выказаў “Позірку” старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.

У Сусветны дзень свабоды прэсы, 3 траўня, кіраўнік БАЖ разам з беларускімі і літоўскімі калегамі ўзяў удзел у акцыі салідарнасці з журналістамі ў няволі, якая прайшла на тэрыторыі Лукішскай турмы ў цэнтры Вільнюса.

“Сёння “Рэпарцёры без межаў” выдалі свой індэкс свабоды прэсы, — нагадаў Бастунец. — Беларусь там апусцілася яшчэ на 10 пазіцый і зараз знаходзіцца на 167-м месцы. З былых савецкіх краін ніжэй толькі Туркменістан. Яшчэ ніжэй, але побач — Сірыя, Эрытрэя, Паўночная Карэя. Гэта адлюстроўвае той стан, у якім знаходзяцца беларускія незалежныя медыя сёння”.

На журналістаў за кратамі, як і на ўсіх палітвязняў, чыніцца “вельмі вялікі ціск”, яны “сутыкаюцца з велізарнымі праблемамі”. “Зразумела, мы мусім узгадваць пра іх, мусім аказваць пэўную дапамогу, якую можам, [у тым ліку] іх блізкім. Мы спрабуем гэта рабіць, каб наблізіць усё ж дзень, калі яны апынуцца на волі”, — сказаў кіраўнік БАЖ.

Паводле слоў Бастунца, на кожнай міжнароднай сустрэчы ён ўзгадвае пра “Беларусь, беларускі незалежны медыясектар, беларускіх журналістаў за кратамі (і наогул усіх палітвязняў)”.

“Мне падаецца, што калі мы будзем нагадваць, распавядаць пра праблемы, звязаныя з нашай краінай, з нашымі калегамі і сябрамі за кратамі, калі мы будзем чыніць пэўны ціск на міжнародную супольнасць, каб тая са свайго боку чыніла ціск на беларускія ўлады, гэта можа паўплываць на вынік”, — заявіў старшыня журналісцкага аб’яднання.

Паводле даных БАЖ, зараз у няволі 35 прадстаўнікоў беларускай медыясферы.

Усе, хто пераследваў беларускіх калег, павінны паўстаць перад правасуддзем — кіраўнік Саюза журналістаў Літвы

3 траўня, Позірк. Міжнародная супольнасць і арганізацыі, Еўрасаюз і тыя, хто прымае рашэнні, павінны пастаянна ціснуць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб дабіцца вызвалення прадстаўнікоў беларускага медыясектара, заявіў старшыня Саюза журналістаў Літвы (СЖЛ) Дайнюс Радзявічус на брыфінгу 3 траўня ў Вільнюсе, прымеркаваным да …

Беларусь апусцілася на 10 пазіцый у індэксе свабоды прэсы "Рэпарцёраў без межаў"

3 траўня, Позірк. Беларусь заняла 167-е месца ў Сусветным індэксе свабоды прэсы 2024 года, які склала міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" (RSF). Беларусь знаходзіцца паміж Саудаўскай Аравіяй і Кубай. У індэксе-2023 Беларусь займала 157-е месца, у 2022 годзе — 153-е. …
Падзяліцца: