Мінск 09:26

На палітвязня Змітра Дашкевіча заведзеная новая крымінальная справа

Зміцер Дашкевіч
Архіўнае фота: "Позірк"

3 траўня, Позірк. На палітвязня Змітра Дашкевіча заведзеная новая крымінальная справа, паведаміла ягоная жонка Наста Дашкевіч (Палажанка).

Паводле яе інфармацыі, актывісту інкрымінуюць арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

“Да канца гэтага тэрміну заставалася 2 месяцы. Няма аніякіх сіл і слоў. Толькі бясконцы, несупынны боль”, — напісала яна на сваёй старонцы ў”Фэйсбуку”.

У студзені жонка Дашкевіча паведамляла, што яго больш за паўгода трымаюць у цяжкіх умовах ізаляцыі і яна баіцца за яго жыццё і здароўе.

11 ліпеня 2023 года Дашкевіч павінен быў выйсці на волю пасля паўтара года пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года (арт. 342 КК). Яго не вызвалілі, паколькі была распачатая новая крымінальная справа — за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (ч. 1 арт. 411 КК).

“Я не ведаю, навошта яшчэ ўсе гэтыя пакуты далей. Навошта пазбаўляць чатырох дзяцей таты. Мы ціха адседзелі свой цяжкі тэрмін, спраўна заплацілі сваё. І аддалі нават больш, чым маглі”, — пісала тады жонка палітвязня.

Летась 19 кастрычніка суддзя Таццяна Дзеравянка з суда Барысаўскага раёна (Мінская вобласць) прызнала яго вінаватым паводле гэтага артыкула і прысудзіла да аднаго года пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Для 42-гадовага Дашкевіча, які раней узначальваў апазіцыйную арганізацыю “Малады фронт”, гэты крымінальны тэрмін стаў чацвёртым.

Двума месяцамі пазней, 19 снежня, Мінскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу на новы прыгавор.

Наста Дашкевіч у ліпені 2022 года разам з мужам была асуджаная паводле арт. 342 КК (3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

Падзяліцца: