Мінск 22:03

Беларускія кампаніі зарабляюць мільёны на пастаўках РФ узбраенняў у абыход санкцый — расследаванне BelPol

Скрыншот: ютуб-канал BelPol

19 траўня, Позірк. Прадпрыемствы Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэта Беларусі зарабляюць вялікія сумы на пастаўках у Расію ўзбраенняў у абыход заходніх санкцый, вынікае з расследавання, праведзенага аб’яднаннем былых сілавікоў BelPol.

Расследаванне “Зброевы барон. Як Лукашэнка ўдзельнічае ў вайне” выйшла 19 траўня на ютуб-канале аб’яднання.

У цэнтры апавядання — дзейнасць падсанкцыйнага ААТ “Пеленг”, доля дзяржавы ў якім складае 48,9%.

Прадпрыемства названа адным з вядучых у сістэме Дзяржкамваенпрама. На аснове наяўных дакументаў BеlPol сцвярджае, што кампанія актыўна ўдзельнічае ў аснашчэнні расійскай баявой тэхнікі аптычнымі прыцэламі і іншым высокадакладным абсталяваннем.

Адзначаецца, што да пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ва Украіне эканамічнае становішча “Пеленга” “пакідала жадаць лепшага”, прадпрыемства “балансавала на мяжы выжывання”, але вайна “радыкальна змяніла сітуацыю”.

У расследаванні гаворыцца, што ў красавіку 2023 года кампанія ўвяла ў эксплуатацыю два новыя карпусы ў Мінску па адрасах вул. Філімонава, 25 і 25В, а таксама абвясціла аб пашырэнні штата і наборы супрацоўнікаў.

У якасці прыкладу дапамогі РФ у вайне BelPol прыводзіць схему паставак панарамных прыцэлаў для танкаў і іншай тэхнікі. Паводле звестак расследвальнікаў, камплектуючыя для прыцэлаў “Пеленг” атрымлівае ад Мінскага механічнага завода ім. Вавілава, які з’яўляецца кіруючай кампаніяй холдынгу “БелОМА”, а таксама ад ТАА “Рухсерваматор”.

Падкрэсліваецца, што “Рухахсерваматор” — вытворца станкоў і абсталявання для лазернай рэзкі — не знаходзіцца пад санкцыямі і пастаўляе прадукцыю на Захад, у тым ліку кампаніям Siemens (Германія), INA (Германія), SAE Group (Італія), Acculogic (Канада).

Аўтары расследавання адзначаюць, што дырэктар прадпрыемства Аляксандр Жарскі і яго намеснік Сяргей Сідарук “баяцца, што пры захопе расійскай баявой тэхнікі будзе ўсталяваны вытворца прыцэла”, таму “на налепках вырабленай прадукцыі” знікла ўказанне “Рухахсерваматора” і надпіс Made in Belarus.

У расследаванні таксама згадваецца беларускае ТАА “Лабараторыя адытыўных тэхналогій” (дырэктар Юрый Чывель), якое, як заяўляецца, выкарыстоўваецца пры пастаўках у РФ у якасці “фірмы-пракладкі”.

Заяўлены від дзейнасці кампаніі — навуковыя даследаванні і распрацоўкі ў галіне прыродазнаўчых навук, аднак, адзначае BelPol, 7 ліпеня 2023 года яна заключыла дамову з заводам ім. Вавілава на пастаўку 200 камплектаў ротараў і статараў для панарамнага прыцэла на суму 200 млн рублёў.

Такіх дагавораў было падпісана некалькі — усяго на 600 камплектаў ротараў і статараў.

Грамадзянін Беларусі Чывель названы ў расследаванні “навукоўцам і дырэктарам французскай кампаніі Merphotonix, якая займаецца працай у галіне селектыўнага лазернага спякання-плаўлення”. Гэта не перашкаджае яму паралельна з’яўляцца “звычайным прайдзісветам, які зарабляе на пастаўках камплектуючых да ўзбраенняў”, заяўляюць аўтары расследавання.

Супрацоўнікі BelPol паабяцалі “зрабіць усё”, каб прозвішча Чывеля “загучала ва ўсёй французскай прэсе”.

Фірма-пракладка, паводле сцвярджэння следчых, неабходная ў схеме для абыходу санкцый — у рэчаіснасці ў 2023 годзе неабходныя камплектуючыя закупляліся ў Кітаі і Тайвані.

У выпадку з Тайванем “аплата праходзіла праз Грузію”, удакладняе BelPol.

Пры гэтым былыя сілавікі падзякавалі ўраду гэтай дзяржавы “за практычна імгненную рэакцыю на пастаўкі камплектуючых да прыцэлаў”, у выніку чаго сувязі з фірмамі-пракладкамі былі абарваныя, а за перапродаж прадукцыі вайсковага прызначэння ў РФ і Беларусь у 15 разоў павялічаныя штрафы.

З боку Расіі атрымальнікам беларускай прадукцыі з’яўляецца размешчаны ў Ніжнім Тагіле “Уралвагонзавод”, які выпускае танкі, вынікае з расследавання.

“З улікам таго, што расійскія гаспадары патрабуюць няўхільнага выканання тэрмінаў паставак”, прадпрыемству “Пеленг” у працы дапамагаюць многія беларускія кампаніі і нават індывідуальныя прадпрымальнікі, паведамляе BelPol. У ліку ўцягнутых пералічваюцца ТАА “Іванар Аўтаматыў”, ТАА” Дакладная механіка”, ТАА “Алюрцех”, ТАА “Кедр Аўтаматыў”, ТАА “Дазатар-плюс”, ТАА “Гросвер Груп”, ТАА “Кохмашынінг”, ААТ “Жлобінскі завод “Святло”, ТАА “Гідраманія”.

З кітайскімі вытворцамі, як сцвярджаецца, працуе спецыяльна заснаваная беларускім бокам кампанія Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation. Яе генеральным дырэктарам з’яўляецца грамадзянін Беларусі Алег Юрчык, намеснікам — Віктар Цыдзік, а “цікавым персанажам і адным з менеджараў” названая Аляксандра Аксянчук.

У расследаванні звяртаецца ўвага, што ў 2015–2023 гадах жанчына працавала інжынерам у навукова-тэхнічным цэнтры LEMT холдынгу “БелОМА”, размешчанага ў Мінску па адрасе Макаёнка, 23, корп. 1. Праз дзесяць дзён пасля звальнення, 3 красавіка 2023 года, яна працаўладкавалася ў Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation і цяпер “падтрымлівае сувязь з інжынерным складам прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у “БелОМА” і арганізуе працэсы з кітайскага боку”.

У якасці перакладчыка ў гэтай камунікацыі згадваецца Дзмітрый Хань — “грамадзянін Беларусі з кітайскімі каранямі”.

Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation, гаворыцца ў матэрыялах расследавання, заключае кантракты з “Пеленгам” на пастаўку камплектуючых для прадукцыі ваеннага прызначэння, хоць вытворчых магутнасцяў у яе “няма і ніколі не было”. Гэта таксама “фірма-пракладка”, у якой ёсць “толькі малюсенькі офіс”.

BelPol назваў шэсць кітайскіх вытворцаў, якія супрацоўнічаюць Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation, удакладніўшы, што іх становіцца ўсё больш. За мінулы час у Беларусь пастаўленыя тысячы дэталяў і камплектуючых, з дапамогай якіх “мадэрнізуецца састарэлая тэхніка рускіх з павышэннем яе баявога патэнцыялу”.

Акрамя згаданага панарамнага прыцэла, прадпрыемствы беларускага ваенпрама вырабляюць для Расіі абсталяванне для наводкі стральбы, камбінаваныя прыцэлы для наводкі стральбы і інш.

BelPol вядома пра не менш за шэсць кантрактаў паміж “Пеленгам” і Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation, кошт паставак па першым і другім — каля 4,6 млн долараў.

Усяго, як сцвярджаецца, па першым кантракце “Пеленгу” пастаўлена 113 тыс. адзінак кітайскай прадукцыі, па другім — 187 тыс.

На шасці здзелках Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation зарабіла каля 5,7 млн долараў.

Крыніца: by.polomap.com

Расследвальнікі перакананыя, што азначанае трохбаковае ўзаемадзеянне для ўмацавання баявога патэнцыялу расійскай арміі будзе нарошчвацца.

Цяпер “вядуцца распрацоўкі па вытворчасці прыцэлаў да стралковай зброі, гранатамётаў і мінамётаў” — такіх прыцэлаў спатрэбіцца да 60 тыс.

Завод ім. Вавілава ўжо пачаў працаваць з кітайскімі вытворцамі наўпрост, заключыўшы, у прыватнасці, дагавор на вытворчасць 3 тыс. дэталяў для лазернага далямера.

Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” замаўляе ў Кітаі тысячы дэталяў да прыцэлу “Сасна-У”.

BelPol паведаміў, што яго прадстаўнікі ў канцы 2023 года выступілі ў парламенце Вялікабрытаніі, дзякуючы чаму ўдалося прадухіліць закупку Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation ў Кітаі аптычных энкодэраў англійскай вытворчасці.

“Праблема Лукашэнкі — гэта не толькі праблема беларусаў. Гэтая праблема агульная. І з гэтай праблемай мы разам павінны змагацца”, — рэзюмуецца ў расследаванні.

15 красавіка ЗША ўвялі санкцыі супраць кітайскай кампаніі Shenzhen 5G High-Tech Innovation за супрацоўніцтва з беларускім ААТ “Пеленг”, у дачыненні да якога амерыканскія санкцыі былі ўведзеныя раней. Абмежаванням падвергліся яе генеральны дырэктар Алег Юрчык і дырэктар вытворчасці Аляксандра Аксянчук.

Падзяліцца: