Мінск 12:19

Тэма беларускіх палітвязняў будзе падымацца ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў у ЗША — амерыканскі дыпламат

Фота: unsplash.com

23 траўня, Позірк. Тэма беларускіх палітвязняў будзе падымацца ЗША на ўсіх міжнародных форумах, на мерапрыемствах унутры краіны, уключаючы кампанію па выбарах прэзідэнта, заявіла дарадца па палітычных і эканамічных пытаннях амерыканскай амбасады ў Чэхіі Элізабэт Хані на кангрэсе па палітычных зняволеных у Беларусі, які адкрыўся ў Празе.

Дыпламат запэўніла ў выступе, што Вашынгтон працягне курс на “пабудову дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай Беларусі”, а таксама працу па прыцягненні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і ўдзел у вайне з Украінай.

Паводле слоў Хані, ЗША будуць дамагацца гэтага шляхам пашырэння візавых абмежаванняў, санкцый і з дапамогай іншых інструментаў.

Арганізаваны офісам беларускіх дэмакратычных сіл у Чэхіі кангрэс па тэматыцы беларускіх палітвязняў праходзіць у Празе 23–25 траўня.

У каментары “Позірку” 2 траўня галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка назваў кангрэс “першай канферэнцыяй такога маштабу”, яго вырашана прымеркаваць да Міжнароднага дня салідарнасці з палітвязнямі, які адзначаецца 21 траўня.

Паводле слоў Вячоркі, удзельнікі “экспертна-палітычнага кангрэсу” абмяркуюць сітуацыю вакол беларускіх палітвязняў, шляхі іх вызвалення і падтрымку рэпрэсаваных.

“Плануецца абмеркаваць як сітуацыю з палітвязнямі ўнутры Беларусі, так і праблемы тых, хто пасля палітычна матываванага зняволення пакінуў краіну”, — сказаў дарадца.

23 сакавіка гэтага года ў Празе прайшла III канферэнцыя беларусаў свету, у якой удзельнічала больш за 100 чалавек з 20 краін.

25 сакавіка ў сталіцы Чэхіі адкрыўся офіс дэмакратычных сіл Беларусі.

Галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША прызначанае на 5 лістапада 2024 года.

Падзяліцца: