Мінск 07:27

Суд у Маскве завочна арыштаваў былога весляра, байца палка Каліноўскага Паўла Шурмея

Скрыншот: тэлеграм-канал палка Каліноўскага

4 чэрвеня, Позірк. Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў былога беларускага весляра Паўла Шурмея “за наёмніцтва і ўдзел у баявых дзеяннях супраць УС РФ на баку УСУ”, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на інфармацыю суда.

Адзначаецца, што суд задаволіў хадайніцтва следства пра заключэнне Шурмея пад варту завочна на падставе абвінавачання паводле ч. 3 арт. 359 КК РФ (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце ці ваенных дзеяннях). У адпаведнасці з гэтай часткай артыкула прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.

47-гадовы Шурмей — ураджэнец Ліды Гродзенскай вобласці, спартсмен, вясляр, удзельнік дзвюх Алімпіяд.

У сакавіку 2022 года далучыўся да палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), быў паранены.

У Беларусі ў дачыненні да мужчыны таксама заведзеная крымінальная справа.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (УСУ), а 21 траўня было абвешчана пра яго трансфармацыю ў полк у складзе двух батальёнаў — “Волат” і “Тэрор”. Пазней быў сфармаваны трэці — “Літвін”. Пасля “Тэрор” стаў асобным падраздзяленнем УСУ па-за складам палка.

25 верасня 2023 года ПКК абвясціў пра стварэнне новага батальёна Western з удзелам замежнікаў, у склад якога ўвайшлі “афіцэры краін НАТО і замежныя грамадзяне, якія маюць баявы досвед у Іраку і Афганістане”.

У Беларусі па факце стварэння палка Каліноўскага распачатая крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Падзяліцца: