Мінск 09:02

Ад пачатку года цэны выраслі на 2,8% — Белстат (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 чэрвеня, Позірк. Спажывецкія цэны ў траўні 2024 года выраслі на 0,1%, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Харчовыя тавары патаннелі на 0,04%, нехарчовыя і паслугі выраслі на 0,2%.

Ад пачатку года рост цэн склаў 2,8%: харчовыя павялічыліся на 2,9%, нехарчовыя — на 2,1%, паслугі — на 3,4%.

У гадавым выражэнні (да траўня 2023-га) — на 5,7%: харчовыя — на 6,2%, нехарчовыя — на 4,1%, паслугі — на 6,9%.

Урад “зрабіў пэўныя захады, каб узяць пад кантроль сістэму цэнаўтварэння”, і сёння “ў нейкай ступені” стрымліваць рост цэн атрымліваецца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 сакавіка на нарадзе аб працы банкаўскай сістэмы. Паводле яго слоў, ад практыкі дзяржрэгулявання цэн у Беларусі “не адступяць”.

“Сістэма кантролю за цэнаўтварэннем, за гэтым усім комплексам будзе толькі ўзмацняцца. Такая задача пастаўленая перад урадам. Я прашу мець гэта на ўвазе і Нацыянальнаму банку, і рабіць усё неабходнае, каб людзі менш на нас крыўдзіліся ў сувязі з ростам цэн, інфляцыяй у краіне”, — сказаў Лукашэнка.

Даследчы цэнтр BEROC раней заяўляў, што “верагоднасць змены падыходу ўрада да цэнавага рэгулявання як мінімум у першым паўгоддзі ацэньваецца нізкай”. “Яно працягне прымяняцца ў жорсткай форме, што будзе стрымліваць перанос выдаткаў у цэны і весці да назапашвання інфляцыйнага навеса”, — прагназавала арганізацыя.

Эксперты не выключылі, што сістэма цэнавага кантролю могуць быць скарэктаваная ў сярэдзіне года.

На думку праекта “Кошт урада”, даныя ўладаў па выніках праведзенага 20 красавіка рэспубліканскага суботніка сведчаць пра тое, што “да інфляцыі ў Беларусі схільная нават бясплатная праца”. “Гэта той выпадак, які ўскосна выдае, што рост цэн у краіне істотна вышэйшы за тыя лічбы, якія публікуе Белстат”, — адзначылі эксперты.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

BEROC чакае, што рост цэн па выніках года складзе 5–7%, Міжнародны валютны фонд прагназуе 6,3%, Еўразійскі банк развіцця прадбачыць 8%.

У 2023 годзе цэны выраслі на 5,8%.

Паскарэнне росту крэдытавання ў Беларусі вядзе да большага інфляцыйнага ціску — ЕАБР

3 чэрвеня, Позірк. У Беларусі паскорыўся рост крэдытавання, канстатуюць аналітыкі Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) у штотыднёвым макрааглядзе. "Крэдытны партфель банкаў вырас на 2,5% м/м (месяц да месяца. — "Позірк".) у красавіку 2024 года пасля 0,7% м/м сакавіку, — гаворыцца ў дакуменце. — …
Падзяліцца: