Мінск 00:23

Заходнія лекі на беларускім рынку замененыя аналагамі з РФ, Індыі, Бангладэш і Арменіі — кіраўнік Мінздароўя

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

14 чэрвеня, Позірк. Лекі заходніх вытворцаў замененыя на беларускім рынку аналагамі з Расіі, Індыі, Бангладэш і Арменіі, заявіў у інтэрв’ю дзяржвыданню “СБ. Беларусь сёння” міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.

Паводле яго слоў, аналагі з’явіліся пасля таго, як “некаторыя замежныя вытворцы і пастаўшчыкі альбо цалкам спынілі імпарт прэпаратаў” у Беларусь, альбо “з-за ўзніклых лагістычных і іншых праблем не змаглі выконваць заключаныя кантракты”.

“Увядзенне санкцый ускладніла працу айчынных вытворцаў праз цяжкасці ў закупках і пастаўках фармацэўтычных субстанцый, дапаможных рэчываў. Гэтыя лекі замянілі аналагамі з Расіі і Кітая”, — сказаў міністр.

Хаджаеў адзначыў, што згодна са стратэгіяй развіцця фармацэўтычнай галіны да 2030 года ў Беларусі “плануецца зарэгістраваць 600 новых запатрабаваных лекавых прэпаратаў”. “Толькі сёлета беларускімі фармацэўтычнымі вытворцамі запланавана рэгістрацыя 73 і асваенне 38 новых прэпаратаў”, — дадаў кіраўнік Мінздароўя.

Чыноўнік прызнаў, што аснашчэнне арганізацый аховы здароўя абсталяваннем і падтрыманне яго працаздольнасці за апошнія два гады “ўскладніліся эканамічнымі санкцыямі”, аднак “негатыўныя моманты ўдалося мінімізаваць”.

Паводле яго слоў, для аперацый па эндапратэзаванні буйных суставаў замест эндапратэзаў з Германіі і ЗША пастаўляюцца пратэзы са Швейцарыі, Венгрыі і Індыі, прадпрыемства “Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік” асвоіла вытворчасць эндапратэзаў каленных і тазасцегнавых суставаў.

Для скарачэння тэрмінаў рамонту высокатэхналагічнага абсталявання “прынятыя меры па дыверсіфікацыі паставак запчастак з Кітая, Расіі, Ірана і Турцыі”, паведаміў Хаджаеў.

У студзені начальнік аддзела знешніх сувязяў Мінздароўя Анатоль Грушкоўскі на пасяджэнні 154-й сесіі выканкама Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) абвінаваціў краіны Захаду ў палітычным характары спынення паставак важных медыкаментаў.

У сакавіку 2023 года прадстаўнік СААЗ у Беларусі Сяргей Дыярдзіца, адказваючы на пытанне журналістаў, ці паўплывалі заходнія санкцыі на забеспячэнне насельніцтва лекамі, заявіў, што медпрэпараты дастаўляліся ў краіну, нягледзячы на цяжкасці лагістыкі.

Прадстаўнік ініцыятывы “Белыя халаты” ў інтэрв’ю “Позірку” звяртаў увагу на праблемы арганізацыі меддапамогі, якія ўлады часта тлумачаць санкцыямі супраць Беларусі. “Санкцыі на медыцынскае абсталяванне або медпрэпараты не ўводзіліся, хоць менавіта імі Міністэрства аховы здароўя рэгулярна тлумачыць праблемы. Іх крыніца — у злачыннай халатнасці, а часам і ў злым намеры людзей, якія ўтрымліваюць уладу, а таксама ў бяздарным кіраўніцтве сістэмай аховы здароўя. Прыцягваць за вушы гісторыю з санкцыямі — цалкам маніпулятыўны ход прапаганды”, — падкрэсліў суразмоўца.

Падзяліцца: