Мінск 00:22

Пасля ўступлення ў ШАС Беларусь мае намер змагацца з “сепаратызам, экстрэмізмам і тэрарызмам”

Ілюстрацыйнае фота: yuz.uz

15 чэрвеня, Позірк. Беларусь “цвёрда нацэленая зрабіць практычны ўнёсак” у работу Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 15 чэрвеня генеральнага сакратара ШАС Чжан Міна з 23-й гадавінай стварэння гэтай структуры.

У арганізацыі атрымалася стварыць “унікальную згуртаваную шанхайскую сям’ю і забяспечыць яе стратэгічную самастойнасць”, сцвярджаецца ў пасланні, апублікаваным прэс-службай віншавальніка.

На думку Лукашэнкі, ШАС з’яўляецца адной з самых “уплывовых структур шматпалярнага свету, які цяпер фармуецца”, і “эфектыўнай платформай для раўнапраўнага партнёрства ў палітычным, эканамічным і гуманітарным вымярэннях”.

Ролю Беларусі, якая “зусім хутка” стане дзясятым членам ШАС, Лукашэнка бачыць у супрацы “па пытаннях еўразійскай бяспекі, устойлівага развіцця, транспартнай узаемазвязанасці, фінансавых механізмаў, прамысловай кааперацыі, гуманітарных кантактаў, а таксама процідзеяння тром сілам зла — сепаратызму, экстрэмізму і тэрарызму”.

Адметна, што Беларусь падтрымлівае кантакты з сепаратысцкімі ўтварэннямі — так званымі “данецкай народнай рэспублікай” і “луганскай народнай рэспублікай” (з’явіліся ў красавіку 2014 года пры падтрымцы Расіі, у верасні 2022-га Расія ўключыла іх у свой склад), Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй (Грузія страціла над імі кантроль пасля ваеннага канфлікту з РФ у 2008 годзе).

Пасля масавых пратэстаў, якія рушылі ўслед за фальсіфікаванымі выбарамі прэзідэнта ў 2020 годзе, Беларусь захліснула хваля рэпрэсій. Улады актыўна выкарыстоўваюць крымінальныя артыкулы пра экстрэмізм і тэрарызм для барацьбы з апанентамі.

З 2020 года ў “спіс экстрэмістаў” уключана 4,1 тыс. чалавек, у “спіс тэрарыстаў” КДБ унёс больш за 400 прозвішчаў.

Саміт ШАС, на якім, як чакаецца, Беларусь будзе прынятая ў склад арганізацыі, пройдзе 3–4 ліпеня ў Астане (Казахстан).

Беларусь інтэгруецца ў ШАС амаль 15 гадоў: у 2010 годзе атрымала статус партнёра арганізацыі, у 2015-м — назіральніка. У ліпені 2022 года Мінск падаў заяўку на ўступленне ў ШАС. У верасні прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў паведаміў на саміце арганізацыі, што пачалася працэдура надання Беларусі статусу паўнапраўнага члена.

4 ліпеня 2023 года неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі са спасылкай на міністра замежных спраў Сяргея Алейніка паведаміў, што Беларусь можа ўступіць у ШАС да саміту.

Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва створана ў 2001 годзе. Дэкларацыю аб яе фармаванні падпісалі кіраўнікі Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Пазней да арганізацыі далучыліся Індыя, Іран, Пакістан.

Юрыст “Вясны”: Барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі — выключна інструмент рэпрэсій (падрабязна)

5 красавіка, Позірк. Барацьба з экстрэмізмам і тэрарызмам у Беларусі — гэта “не той працэс, які прадпісаны міжнароднымі дагаворамі”, заявіў 5 красавіка ў Вільнюсе юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Павел Сапелка. "Цяпер гэта выключна інструмент для барацьбы з рознага роду свабодамі, гэта інструмент …
Падзяліцца: