Мінск 01:21

Каталіцкі святар Юхневіч арыштаваны чацвёрты раз — ён застаецца ў няволі з 8 траўня

Крыніца: katolik.life

23 чэрвеня, Позірк. Пробашч Шумілінскай парафіі касцёла Маці Божай Фацімскай (Віцебская вобласць) Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю пасля 45 дзён арышту, паведамляе партал katolik.life.

Адзначаецца, што 22 чэрвеня святару прызначаны чарговы арышт — да 2 ліпеня.

“З перадач яму дазволеныя толькі лекавыя сродкі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Партал мяркуе, што Юхневіча арыштавалі чацвёрты раз — на 10 сутак, пасля папярэдніх 15-сутачных арыштаў.

У чым яго абвінавацілі, невядома.

Юхневіч быў затрыманы 8 траўня разам з ксяндзом Паўлам Лемехам. Гэта адбылося пасля іх сустрэчы з манахамі Віцебскай дыяцэзіі. Падставы затрымання невядомыя, з’яўлялася інфармацыя, што яно звязана з нібыта “падрыўной дзейнасцю супраць беларускай дзяржавы”.

Юхневіча і Лемеха арыштавалі адпаведна на 15 і 10 сутак. Паводле якіх артыкулаў КаАП, не паведамлялася.

Лемех выйшаў на волю па заканчэнні тэрміну арышту.

Юхневіч з’яўляецца кіраўніком місіі Аблатаў у Беларусі.

Місіянеры Аблаты з’яўляюцца каталіцкім ордэнам з двухсотгадовай гісторыяй. У свеце працуе каля 3.500 аблатаў, сярод іх ёсць 2 кардыналы, 7 архібіскупаў і 36 біскупаў.

Паводле маніторынгу ініцыятывы “Хрысціянская візія”, з 2020 года пераследу падвергліся не менш за 26 прадстаўнікоў Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.

Падзяліцца: