Мінск 19:42

Белтэлерадыёкампанія не будзе трансляваць Алімпійскія гульні

Крыніца: olympics.com

16 ліпеня, Позірк. Белтэлерадыёкампанія не будзе трансляваць афіцыйныя мерапрыемствы і спаборніцтвы XXXIII Летніх Алімпійскіх гульняў, вынікае з ТБ-праграмы спартыўнага канала “Беларусь 5”, які ўваходзіць у медыяхолдынг.

У студзені 2023 года паведамлялася, што такога права БТРК пазбаўленая да 2032 года.

Міжнародны алімпійскі камітэт перадаў эксклюзіўныя правы на трансляцыю чатырох алімпіяд (2026–2032) у Еўропе кампаніі Warner Bros. Discovery і Еўрапейскаму вяшчальнаму саюзу (EBU).

У ліпені 2021 года выканаўчы камітэт EBU прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі ў саюзе — праз паказ інтэрв’ю з затрыманым блогерам Раманам Пратасевічам.

За некалькі месяцаў да таго кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка папрасіў EBU праверыць дачыненне дзяржаўнай тэлекампаніі да катаванняў: у эфіры паказалі збітых людзей на фоне нацыянальнага беларускага сцяга.

У чэрвені гэтага года СМІ паведамілі, што на Алімпіяду акрэдытаваныя журналісты чатырох беларускіх дзяржаўных медыя: інфармацыйнага агенцтва БелТА, газеты “Спартыўная панарама”, інтэрнэт-партала тэлеканала “Беларусь 5” і выдання “СБ. Беларусь сёння”. Таксама акрэдытацыю атрымалі выданне “Прессбол” (належыць Беларускай федэрацыі футбола) і прэс-служба Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.

Улетку 2022 года Міжнародная федэрацыя футбола перадала правы на трансляцыю матчаў чэмпіянату свету ў Катары EBU, праз што жыхары Беларусі былі пазбаўленыя магчымасці глядзець матчы на агульнадаступных каналах.

Пра тое, што БТРК знаходзіцца пад санкцыямі Швейцарыі, Еўрапейскі саюз футбольных асацыяцый, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі гэтай краіны, забараніў ёй таксама паказваць матчы чэмпіянату Еўропы 2024 года.

Разам з тым супраць канала “Сталічнае тэлебачанне” абмежаванні не ўводзіліся, таму гульні Еўра-2024 (за выключэннем матчаў з удзелам зборнай Украіны) былі паказаныя ў прамым эфіры на каналах СТВ і “РТР-Беларусь” (уваходзіць у структуру СТВ). Пры гэтым трансляцыі праводзіліся на тэхнічным абсталяванні “Беларусь 5”, іх каментавалі супрацоўнікі БТРК.

Расійскія федэральныя каналы адмовіліся трансляваць Алімпіяду-2024. Прычыны названыя дзве: гульні пройдуць без сцяга і гімна РФ, у іх возьме ўдзел малая колькасць нейтральных расійскіх спартсменаў.

Алімпіяда ў Парыжы пройдзе з 26 ліпеня па 11 жніўня.

Нацыянальны алімпійскі камітэт 16 ліпеня зацвердзіў “спісачны склад спартсменаў”, якія выступяць на гульнях у якасці нейтральных атлетаў.

Падзяліцца: