Мінск 09:18

Лукашэнка анансаваў візіт кітайскага прэм’ера Лі Цяна

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

29 ліпеня, Позірк. Візіт у Беларусь прэм’ера Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Цяна анансаваў Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня ў Мінску на нарадзе па міжнародных пытаннях.

“Першы віцэ-прэм’ер [Мікалай] Снапкоў праінфармуе пра выпрацоўку перагаворнай пазіцыі ў развіццё маіх дамоўленасцяў са [старшынёй КНР] Сі Цзіньпінам”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Варта адзначыць, што 22 ліпеня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў абмеркаваў з амбасадарам Кітая Се Сяоюнам падрыхтоўку будучых сустрэч на высокім узроўні. Тады прэс-служба МЗС не прывяла падрабязнасцяў.

На нарадзе 29 ліпеня Лукашэнка заявіў, што беларускія чыноўнікі, наведваючы тыя ці іншыя дзяржавы, “вельмі правільна” прымаюць рашэнні, малююць “перспектывы, планы”. “Але потым выяўляецца, што мы ці не хочам, ці, як звычайна, нам бывае лянотна выканаць тое, пра што дамаўляліся. І атрымліваюцца паўтурыстычныя паездкі”, — канстатаваў ён, запатрабаваўшы рэзультатыўнасці візітаў.

“Не трэба расплывацца па ўсіх кантынентах. Я яшчэ раз гавару: у нас не тая эканоміка, каб глабалізмам займацца, трэба вызначыцца ў кожным пункце, чым мы будзем займацца, і зрабіць гэта”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Пры гэтым ён запатрабаваў “неадкладна вызначыць стратэгію руху да мэт”, якія можа рэалізаваць Беларусь як новы член Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, і паведаміў пра запрашэнне на саміт БРІКС, які “хутка пройдзе ў Казані”. Акрамя таго, Лукашэнка нагадаў пра адбыўшыяся “важнейшыя візіты” ўрадавай дэлегацыі ў Лацінскую Амерыку, Рыжанкова — у Паўночную Карэю, а таксама пра супрацу Беларусі з краінамі Афрыкі.

Падзяліцца: