Мінск 21:54

Губернатар Мурманскай вобласці далажыў Пуціну, што “сур’ёзных затыкаў” у падрыхтоўцы да будаўніцтва беларускага порта няма

Фота: kremlin.ru

6 жніўня, Позірк. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абмеркаваў будаўніцтва порта з удзелам Мінска з губернатарам Мурманскай вобласці Андрэем Чыбісам, паведамляе прэс-служба Крамля.

Беларусі прадаставілі зямельныя ўчасткі, Мінскам створана даччынае таварыства, адзначыў Чыбіс.

Паводле яго слоў, цяпер ідзе праца з беларускім урадам, “звязаная з дэкларацыямі, з павелічэннем магутнасцей чыгуначных падыходаў”.

“Па беларусах мы рухаемся паводле таго плану, які вызначылі. Пакуль нейкіх сур’ёзных затыкаў няма. Калі з’явяцца, я, Уладзімір Уладзіміравіч, з Вашага дазволу да Вас звярнуся. Але пакуль агульнае разуменне з улікам Вашых даручэнняў ёсць”, — сказаў Чыбіс (цытата дадзена ў арыгінале).

Пуцін на гэта адказаў: “У цэлым эканоміка Беларусі ў гэтым зацікаўлена. У нас таксама бюракратыі шмат, таму трэба і з таго боку актывізаваць [працэс]. Калі трэба, то Вы мне скажыце — своечасова перагавару з Аляксандрам Рыгоравічам, вось і ўсё”.

22 красавіка было падпісана пагадненне аб тым, што ТАА “Марскі тэрмінал “Вароты Арктыкі” пабудуе ў Мурманску да 2028 года вялікі порт для перавалкі беларускіх грузаў. Подпісы пад дакументам паставілі Чыбіс і генеральны дырэктар створанага прадпрыемства Андрэй Бунакоў. Паводле яго слоў, праектным рашэннем прадугледжаны аб’ёмы перавалкі да 25-30 млн тон у год.

Постаць партнёра расійскага боку ў гэтым праекце звяртае на сябе ўвагу. 14 лютага 2023 года на пашыранай нарадзе з кіраўніцтвам урада Лукашэнка паведаміў аб расследаванні дзеянняў генеральнага дырэктара ААТ “Белшына” (на сайце прадпрыемства тады было ўказана, што ім кіруе Андрэй Бунакоў), які “знаходзіцца ў следчым ізалятары”. Аб тым, што той вызвалены, стала вядома якраз у сувязі са з’яўленнем новай.

Лукашэнка 23 красавіка 2020 года ўзгадніў кандыдатуру Бунакова на пасаду гендырэктара “Белшыны”. Да гэтага той быў намеснікам старшыні канцэрна “Белнафтахім” (з лістапада 2018 года), яшчэ раней — дырэктарам прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно” (са жніўня 2015 года).

Неабходнасць у перавалцы грузаў праз расійскія парты ўзнікла ў сувязі з заходнімі санкцыямі і адмовай літоўскіх партоў працаваць з Мінскам.

Падзяліцца: