Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) і Офіс Святланы Ціханоўскай (ОСЦ) цалкам падпарадкавалі сабе Каардынацыйную раду (КР), такое меркаванне выказаў дырэктар Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва, экс-прадстаўнік АПК па міжнародных справах Валер Кавалеўскі. Да такой высновы палітык прыйшоў, прааналізаваўшы склад дэлегацыі КР, якая возьме ўдзел у сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) напрыканцы студзеня 2025 года.
На мінулым тыдні, адзначыў Кавалеўскі, стала вядома, што пяць з шасці сябраў дэлегацыі — прадстаўнікі “выканаўчых палітычных структур”, якімі выступаюць АПК і ОСЦ.
“Можна сказаць, што АПК і ОСЦ (у арыгінальным допісе тут і далей аўтар выкарыстоўвае абрэвіятуру “ОСТ”. — “Позірк”.) цалкам падпарадкавалі сабе КР і цяпер проста едуць на ўспрыняцці гэтай структуры замежнікамі як прадстаўнічай і незалежнай, якая нібыта ажыццяўляе грамадскі кантроль за выканаўчымі стурктурамі. Спікерам з’яўляецца памочніца кіраўніка НАУ (Народнага антыкрызіснага ўпраўлення; гаворка пра спікера КР Анжаліку Мельнікаву, якая таксама займае пасаду дарадцы па стратэгічным планаванні ў НАУ. — “Позірк“.), віцэ-спікерам — памочніца кіраўніцы ОСЦ і АПК (гаворка пра Станіславу Гліннік. — “Позірк”.)”, — звярнуў ён увагу.
У такой сітуацыі, на думку Кавалеўскага, “пра незалежнасць думкі, свабоду выказванняў і аўтаномнасць дзеянняў гаварыць не даводзіцца”. “Выглядае, што дэмакратычныя палітычныя лідары пабудавалі тое адзінае, што ведалі — мадэль ПП НС РБ (Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. — “Позірк”.) імя Лукашэнкі”, — дадаў ён.
Падобнымі дзеяннямі, лічыць Кавалеўскі, палітыкі “разбураюць самую ідэю прадстаўнічага органа дэмсілаў”, што “шкодзіць і здароўю дэмсіл, і іх статусу ў вачах беларусаў, і прызнанню міжнароднымі партнёрамі”.
“Позірк” папрасіў пракаментаваць такую ацэнку сітуацыі з КР намесніка кіраўніцы АПК, кіраўніка НАУ Паўла Латушку. Спіс “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”, які ён узначальвае, набраў найбольш галасоў на выбарах у КР у траўні 2024 года, атрымаўшы 28 з 80 мандатаў.
Кааліцыя большасці сфармаваная дэмакратычным спосабам
— Як бы вы пракаментавалі заяву вашага былога калегі па АПК і дыпламатычнай службе Валера Кавалеўскага пра тое, што КР ператвараецца ў нейкае падабенства цяперашняга беларускага парламента?
— Цяперашняя Каардынацыйная рада — гэта абраны, а не самапрызначаны, як тое было шмат у чым раней, прадстаўнічы орган. Мы настойвалі і дамагліся правядзення выбараў. Узяць у іх удзел мог любы палітык, грамадзянін Беларусі, мы заклікалі ўсіх да ўдзелу.
Выбары адбыліся. Кааліцыя большасці сфармаваная дэмакратычным спосабам. І менавіта гэтая кааліцыя, якая перамагла, вызначае палітыку КР. Так, як гэта працуе ва ўсіх без выключэння парламентах краін — членаў ЕС. Бо менавіта так і працуе дэмакратыя. Інакш навошта ўдзельнічаць у канкурэнтных адкрытых выбарах і перамагаць?
— А што б вы адказалі на абвінавачванні пра фактычнае “зрошчванне” дзвюх галін улады беларускага дэмакратычнага руху?
— Так, пазіцыі і палітыка большасці дэлегатаў КР і АПК на гэты момант сінхранізаваныя ў многіх пытаннях. Мы маем тое самае адзінства, да якога імкнуўся дэмакратычны рух і, што цікава, за адсутнасць якога дэмсілы крытыкаваліся раней. І я не лічу гэта нейкім недахопам ці “адсутнасцю дэмакратыі”. Наадварот, гэта велізарнае дасягненне, якое сёння дазваляе ключавым інстытутам дэмсіл быць больш аператыўнымі і эфектыўнымі ў працы.
КР — орган протапарламенцкага тыпу, і ён не ёсць органам, які вядзе супрацьлеглую Кабінету палітыку. Менавіта большасць у КР уплывае на палітыку ў Кабінеце. Так працуе парламенцкая дэмакратыя. Калі парламент і ўрад маюць розныя пазіцыі, то адпраўляюць у адстаўку ўрад і/ці прызначаюць новыя выбары.
Выбары паказалі, чыю стратэгію падтрымліваюць выбаршчыкі. Тыя, хто не ўдзельнічаў у выбарах, здзейснілі палітычную памылку, але гэта абсалютна не значыць, што большасць у КР ці АПК ігнаруе іх галасы.
Склад дэлегацыі КР у ПАСЕ можа мяняцца
— Тады чаму атрымалася так, што дэлегацыя КР на сесіі ПАСЕ будзе амаль цалкам, як кажа Валер Кавалеўскі, складацца з членаў АПК і ОСЦ?
— Цяпер адна з найважнейшых задач абранага КР — мабілізацыя еўрапейскіх парламенцкіх структур на працяг актыўнай падтрымкі дэмакратычна арыентаванай большасці беларусаў і дэмакратычных сіл. І я ўпэўнены, што ў цяперашняй канфігурацыі і выступаючы з адзінай пазіцыяй, мы зможам рабіць гэта больш эфектыўна. Афіцыйны ўдзел дэлегацыі КР у працы ПАСЕ — гэта акурат адзін з важных вынікаў працы.
За гэтыя гады я меў шмат сустрэч у ПАСЕ і ў сакратарыяце Савета Еўропы — як з кіраўніцтвам, так і з кіраўнікамі місій краін членаў Савета Еўропы. Мой парадак дня як члена дэлегацыі КР на будучай сесіі ПАСЕ 27–31 студзеня 2025 года адкрыты і адпавядае праграме, з якой наш спіс ішоў на выбары ў КР і атрымаў больш за 35% галасоў выбаршчыкаў. Гэта непрызнанне так званых “выбараў” Лукашэнкі і прасоўванне інструментаў прыцягнення дыктатара і яго памагатых да адказнасці. ПАСЕ можа адыграць вельмі важную ролю ў пытаньні адказнасці за агрэсію супраць Украіны, і Лукашэнка павінен быць сярод асоб, якія павінны панесці пакаранне.
Мушу адзначыць, што ў дэлегацыі на сесію ПАСЕ маюцца дэлегаты КР ад [фракцый] “Моладзевы наступ” і “Наша справа”, а значыць галасы тых, хто не ўваходзіць у кааліцыю большасці, будуць у ПАСЕ.
І важна — дэлегацыя сфармаваная дэмакратычна падчас выбараў у самой КР, то бок яе склад фармуецца абсалютна дэмакратычна і можа мяняцца, яна не з’яўляецца працоўным органам КР.