Мінск 16:39

Вынікі-2025 са Львом Львоўскім. 2. “Далёкая дуга” пакуль не апраўдвае чаканняў

Аглядальнік "Позірку"
Ілюстрацыя: "Позірк"

Беларускі кіраўнік пастаянна чыхвосціць падначаленых за няспрытнасць у знешнім гандлі. Да гэтай тэмы ён звярнуўся і на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу ў снежні.

“Вярнуўшыся з зімовых камандзіровак, якія сталі традыцыйнымі, каторы раз пераконваюся: мы наогул не ўмеем гандляваць. Вы ведаеце, мне сорамна было весці з султанам Амана перамовы і прасіць яго: “Дапамажыце, Навучыце нас гандляваць. Мы вырабім, мы паставім, але давайце створым разам кампанію і будзем разам гандляваць на вашых традыцыйных рынках“. Гэта што, нармальна? Вырабілі, за плот выкінулі, усё адно, па якіх коштах прадалі. Сядзім, чагосьці чакаем”, — панаракаў Аляксандр Лукашэнка.

Што насамрэч адбывалася ў гандлі Беларусі са знешнім светам? Пра гэта другая частка размовы з акадэмічным дырэктарам даследчага цэнтра BEROC Львом Львоўскім, якога Позірк папрасіў падсумаваць эканамічныя вынікі 2025 года.

Першая частка была прысвечаная ацэнцы эфектыўнасці адміністрацыйна-каманднай сістэмы.

Усе нішы ў багатых афрыканскіх краінах ужо занятыя

Паводле даных Нацыянальнага банка, за 10 месяцаў 2025 года знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі склаў 84 млрд 860,8 млн долараў — на 1,9% больш, чым за аналагічны перыяд 2024-га (83 млрд 255,9 млн).

Экспарт склаўся на ўзроўні 41 млрд 835,4 млн долараў (41 млрд 379,7 млн; +1,1%), імпарт — 43 млрд 25,4 млн (41 млрд 876,2 млн; +2,7%). Адмоўнае сальда перавысіла 1 млрд долараў і дасягнула 1 млрд 190 млн (годам раней было 496,5 млн; рост у 2,4 раза).

“Беларусь страціла ўкраінскі і рынак Еўрасаюза, — адзначае Львоўскі. — Часткова гэта ўдалося кампенсаваць за кошт павелічэння прысутнасці на расійскім рынку. Гэта значыць, з Расіяй сталі значна больш гандляваць. А далей ёсць праблемы. На кітайскім напрамку ёсць пастаянныя спробы пашырэння, пакуль не вельмі ўдалыя. Кітай гатовы купляць прыкладна тое, што і купляў — калій, неапрацаваную драўніну, некаторыя прадукты жывёлагадоўлі. Але пашырыць спіс не надта атрымліваецца”.

Не першы год Лукашэнка паўтарае пра неабходнасць выходзіць на афрыканскія прасторы. Маўляў, там вельмі шмат багаццяў і ёсць патрэба ў беларускай прадукцыі.

Таксама ён патрабуе актывізаваць працу ў Лацінскай Амерыцы, Азіі і Акіяніі. Але бачных поспехаў, сапраўдных прарываў дагэтуль не відаць.

“Так, ёсць сур’ёзная праблема з краінамі так званай “далёкай дугі”, — канстатуе эксперт. — Справа ў тым, што з 2020 года новых краін на зямлі не з’явілася. Калі б раптам была нейкая краіна, вельмі добрая, багатая і якая жадае працаваць з Беларуссю, то гандаль з ёй вёўся б і да 2020 года”.

Калі паглядзець на геаграфію візітаў беларускіх службовых асоб, у тым ліку самога Лукашэнкі, у краіны “далёкай дугі“, то гэта, за рэдкім выключэннем, яшчэ больш бедныя краіны, чым сама Беларусь. І рабіць на іх стаўку — неперспектыўна нават ва ўмовах вельмі вузкіх рамак, у якіх апынулася краіна дзякуючы “мудрай“ палітыцы кіраўніка.

“Больш багатыя краіны інтэграваныя ў міжнародны гандаль, — адзначае прадстаўнік BEROC. — У іх ужо ёсць больш важныя, чым Беларусь, гандлёвыя партнёры — Еўропа, ЗША, магчыма, Кітай. Там няма свабодных ніш на рынку. А ў больш бедных краін, па якіх ездзіць Лукашэнка, папросту няма грошай. У нас з імі аб’ём гандлю складае 10-20 млн. долараў. Гэта несур’ёзна“.

17 красавіка 2024 года тагачасны першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун (22 траўня 2025-га прызначаны на пасаду намесніка старшыні праўлення Нацбанка) у эфіры дзяржТБ патлумачыў спецыфіку працы з Афрыкай: “Часцяком афрыканскія контрагенты кажуць, што з-за жорсткага валютнага заканадаўства не могуць заплаціць, а могуць памяняць трактары на апельсіны, якія нам патрэбныя, — ужо ёсць удалыя кейсы такога абмену”.

Львоўскі сумняваецца ў паспяховасці такога бартэру: “Калі б былі апельсіны, то іх можна прадаць і мець грошы. Таму наўрад ці цытрусавыя ёсць… для Беларусі. Ну, былі б, яны б іх прадавалі, атрымлівалі грошы і куплялі б за грошы беларускія трактары. Апельсіны — гэта добры тавар, ён усім патрэбны”.

У выпадку пераменаў Беларусь зможа вярнуцца на прэміяльныя рынкі

Прапаганда любіць падкрэсліваць, што Лукашэнка, які прыняў Беларусь у 1994 годзе, не толькі адвёў яе ад прорвы, але і працягвае весці верным курсам, накіраваным на рост дабрабыту народа.

Аднак менавіта палітыка правадыра рэжыму прывяла да страты прэміяльных рынкаў — спачатку з-за ўзурпацыі ўлады, а затым у сувязі з удзелам у вайне супраць Украіны.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, тавараабарот з краінамі СНД за 11 месяцаў 2025 года дасягнуў 52 млрд 621,1 млн долараў (за аналагічны перыяд 2024-га — 50 млрд 501 млн; +4,2%), у тым ліку экспарт — 27 млрд 452,2 млн (26 млрд 607,7 млн; +3,2%), імпарт — 25 млрд 168,9 млн (23 млрд 893,3 млн; +5,3%); дадатнае сальда — 2 млрд 283,3 млн (2 млрд 714,4 млн; -15,9%).

Тавараабарот з дзяржавамі па-за СНД знізіўся да 27 млрд 737,3 млн долараў (28 млрд 89 млн; -1,3%), пры гэтым экспарт зменшыўся да 9 млрд 727,7 млн (10 млрд 540,9 млн; -7,7%), імпарт вырас да 18 млрд 9,6 млн (17 млрд 548,1 млн; +2,6%); адмоўнае сальда — 8 млрд 281,9 млн (7 млрд 7,2 млн; +18,2%).

Агулам знешні гандаль таварамі за студзень — лістапад 2025 года склаў 80 млрд 358,4 млн долараў (78 млрд 590 млн годам раней; +2,3%).

Існуе меркаванне, што сённяшняе захапленне Расіяй і краінамі “далёкай дугі“ можа згуляць злы жарт з Беларуссю. Маўляў, калі ўсё зменіцца і Беларусь паспрабуе зноў выйсці на прэміяльныя рынкі Захаду, айчынная прадукцыя нікому не будзе патрэбная, з-за адсутнасці перадавых тэхналогій немагчыма будзе вырабіць якасны сучасны тавар.

Львоўскі лічыць, што турбавацца не варта, паколькі “ні на якую Афрыку мы не пераарыентуемся”: “Няма там ніякага рынку. Урад час ад часу прызнае правал стратэгіі “далёкай дугі“. Так, ёсць паездкі ў той рэгіён, але не бачна, каб беларуская эканоміка перабудавалася на Афрыку”.

Акрамя таго, экспэрт прыводзіць прыклад пераарыентацыі на расійскі рынак, пад які “вельмі хутка падладзіліся“ беларускія вытворцы.

“Сапраўды гэтак жа хутка перабудуемся назад. З тымі стандартамі якасці, паводле якіх прадпрыемствы сёння робяць прадукцыю для ўмоўнай М’янмы, вядома, на Захад не пойдзеш. Проста пачнем абнаўляць стандарты. Да прыкладу, нейкі прадпрымальнік вырабляе мэблю. Вось цяпер яна дрэннай якасці, а ў Расіі патрабуецца не якасць, а нізкая цана. Калі адкрыецца рынак Еўропы, вытворца зразумее, што можна выпускаць стол вельмі высокай якасці па вельмі высокай цане. Значыць, купіць новае абсталяванне, каб вырабіць адпаведны тавар”, — мяркуе эксперт.

З надзеяй на амерыканскі трэк

У 2026 годзе ў знешнім гандлі Беларусі могуць адбыцца некаторыя змены. Гэта звязана з беларуска-амерыканскім трэкам.

У прыватнасці, Лукашэнка на УНС заявіў, што прапанаваў амерыканцам купіць Нежынскі руднік для здабычы калійнай руды: “Я ім сказаў, што мы будавалі прыватны руднік. Прыватнік (расійскі алігарх Міхаіл Гуцарыеў. — Позірк.) сышоў, спалохаўся вашых санкцый. Вы падумайце… 3 млрд долараў. Купіце ў нас гэтую новую фабрыку. Увесь калій вы па сусветных цэнах купляеце, забіраеце ў Амерыку, ну ў нагрузку яшчэ са старога рудніка мы вам дамо пару-тройку мільёнаў тон. Амерыка — гэта прэміяльны рынак”.

Акурат 15 снежня ўпраўленне па кантролі за фінансавымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) выдала агульную ліцэнзію, якая дазваляе правядзенне аперацый з ААТ “Беларуськалій“ і ААТ “Беларуская калійная кампанія“ (БКК).

Гэта адбылося праз два дні пасля візіту ў Мінск спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і вызвалення (з высылкай з краіны) 123 палітвязняў.

Падзяліцца: