Мінск 05:41

Дэградацыя і рэпрэсіўнасць сістэмы адукацыі ўзмацняюцца, лічаць эксперты

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 31 снежня 2023 г.

Фота: Unsplash

Дэградацыя сістэмы адукацыі і навуковых даследаванняў у Беларусі ў 2023 годзе ўзмацнілася. Такое меркаванне ў каментары “Позірку” выказаў эксперт у сферы адукацыі Павел Церашковіч.

Інструмент ідэалагічнага тэрору

“Сфера адукацыі — адна з тых, якія ў найбольшай ступені пацярпелі ад рэпрэсій. Улада перабудоўвае сістэму адукацыі, выкарыстоўвае яе як інструмент індактрынацыі і ідэалагічнага тэрору”, — адзначыў суразмоўца.

Паводле яго слоў, у рэпрэсіях бярэ ўдзел і кіраўніцтва ўнівэрсытэтаў. У 2021 і 2022 гадах колькасць выкладчыкаў ВНУ скарацілася на 1,5 тыс., або на 8%. Колькасць настаўнікаў стала менш на 6 тыс. (-5,6%), сказаў Церашковіч.

Ён падкрэсліў, што звальненне выкладчыкаў азначае забарону на прафесію, а ў асаблівых выпадках — на любую працоўную дзейнасць, у выніку чаго адбываецца вымушаная эміграцыя. Вакансіі выкладчыкаў, адзначыў эксперт, запаўняюцца людзьмі, якія не маюць адпаведнай кваліфікацыі, што не спрыяе паляпшэнню якасці адукацыі.

Наступ “рускага свету”

У 2023 годзе праводзілася актыўная русіфікацыя сістэмы адукацыі, адзначыў суразмоўца. “Наступ “рускага свету” выяўляўся ў скарачэнні набору на спецыяльнасці, звязаныя з беларускай мовай і літаратурай, выключэнні са школьнай праграмы рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” (пра паўстанне Кастуся Каліноўскага. — “Позірк”.), аб’яве “экстрэмісцкім” зборніка твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”, — сказаў эксперт.

Ён звярнуў увагу на актыўную дзейнасць у Беларусі “Рассупрацоўніцтва” (“Россотрудничество”, расійскае Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве). Паводле слоў Церашковіча, яно імкнецца ўцягнуць беларусаў, перш за ўсё моладзь, у разнастайныя ідэалагічныя праграмы. Ужо ёсць тры прадстаўніцтвы агенцтва (“рускія дамы”): у Мінску, Гомелі і Брэсце. Гэта больш, чым у любой іншай краіне свету, звярнуў увагу суразмоўца.

Паралельна, сказаў ён, адбываецца рэкрутынг беларускай моладзі для вучобы ў РФ: “У 2023 годзе беларусам прапанавалі 1.300 стыпендый для навучання ва ўніверсітэтах Расіі, якія цалкам пакрываюць яго кошт. За апошнія чатыры гады колькасць такіх стыпендый павялічылася ў 18 разоў. Колькасць беларусаў, якія навучаюцца ў Расіі, амаль такая ж, як у Польшчы — каля 12 тыс.”.

За мяжой пазітыў, але ёсць пытанні да ЕГУ

Адначасова “супрацьлеглая пазітыўная тэндэнцыя” назіраецца за мяжой. “Беларусы імкнуцца арганізаваць школьнае навучанне на роднай мове. Напрыклад, у Грузіі зарэгістравалі школу на беларускай мове. Магчыма, змена палітычнай сітуацыі ў Польшчы дазволіць арганізаваць навучанне на беларускай мове ў звычайных школах, што з’яўляецца правам беларускай меншасці. У Літве, у гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе, не хапае месцаў для беларусаў, таму вядзецца праца па адкрыцці яшчэ адной такой установы”, — адзначыў Церашковіч.

Эксперт згадаў таксама распачаты ў 2023 годзе дыялог беларускіх дэмакратычных сіл з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ). Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада звярнуліся да кіраўніцтва ўніверсітэта з просьбай распачаць дыялог, каб выясветліць нацыянальную ідэнтычнасць універсітэта і яго місію, месца і ролю беларускай мовы і культуры ў выкладанні і даследаваннях, прадстаўніцтва беларусаў ва ўпраўленні ЕГУ.

“Цяпер у кіроўнай Радзе ЕГУ беларусы ў меншасці, у Радзе саўладальнікаў іх няма наогул”, — адзначыў Церашковіч. На яго думку, ва ўніверсітэце дамінуе група рускамоўных касмапалітычных інтэлектуалаў, для якіх Беларусь — усяго толькі краіна, з якой яны калісьці з’ехалі. Большая частка курсаў чытаецца на рускай мове, які, лічыць суразмоўца, прывязвае да “рускага свету”. “Студэнты ў самастойнай працы будуць непазбежна звяртацца да расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў, якія катастрафічна дэфармаваныя разнастайнымі “скрэпамі”, геапалітыкай, еўразійствам і г.д.”, — мяркуе эксперт.

Да кожнага не прыставіш даносчыка

Пры ўсім гэтым, паводле слоў Церашковіча, у Беларусі засталося шмат выкладчыкаў, якія верныя прафесіі і займаюцца ў цяжкіх умовах тым, чым павінны. Гэта магчыма таму, што да кожнага настаўніка або прафесара “не прыставіш даносчыка”. Акрамя таго, многія выкладчыкі знаёмыя з досведам савецкіх часоў, калі даводзілася даносіць інфармацыю эзопавай мовай, адзначыў суразмоўца.

З тым, што ў рэпрэсіўных умовах выкладчыкі могуць працягваць працу над якаснымі методыкамі, уключэннем новых тэхналогій у адукацыю толькі ў мікрафармаце, згодная эксперт у сферы адукацыі Святлана Мацкевіч.

“Варыянты нармальных непалітычных ведаў выкладчыкі могуць шукаць у зоне асобных прадметаў або дысцыплін”, — сказала яна.

У цэлым яна лічыць, што сістэма адукацыі ў 2023 годзе стала адкрыта праяўляць сябе як рэпрэсіўная: “Ужо не сорамна ажыццяўляць татальны кантроль, не сорамна звальняць з палітычных матываў. Я б сказала, што сістэма стала бессаромнай, перакрэсленыя ўсе прафесійныя стандарты і агульначалавечыя каштоўнасці. Любыя ацэнкі сістэмы адукацыі з пункту гледжання маралі, дэмакратычных каштоўнасцяў становяцца бессэнсоўнымі”, — заявіла Мацкевіч.

Паводле яе слоў, трагічнасць сітуацыі ў тым, што ўвесь гэты “бессаромны парасон” накрывае вялікую сістэму, якая ўплывае на жыцці мільёнаў людзей.

Падзяліцца: