Мінск 09:09

Змякчэнне КК не закране асабліва цяжкія злачынствы — прадстаўнік Акадэміі МУС

Фота: сайт Ашмянскага райвыканкама

9 жніўня, Позірк. Змякчэнне некаторых артыкулаў Крымінальнага кодэкса не закране асабліва цяжкія злачынствы, заявіла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” дацэнт кафедры крымінальнага права Акадэміі МУС Алена Рэвуцкая.

“Мы прааналізавалі тыя санкцыі [артыкулаў КК], дзе ў нас адзінае пакаранне — гэта пазбаўленне волі, і прапанавалі ў якасці альтэрнатыўных пакаранняў арышт або абмежаванне волі. Натуральна, гэта не закранула склады асабліва цяжкіх злачынстваў, а таксама ў шэрагу санкцый было прапанавана, дзе ёсць у нас пазбаўленне волі, альбо знізіць верхнюю мяжу пакарання, альбо і верхнюю, і ніжнюю”, — сказала яна.

У парадку дэкрыміналізацыі выключаецца крымінальная адказнасць за незаконнае бязвыплатнае адчужэнне даверчай асобе маёмасці пры адсутнасці карыслівай мэты, сказана ў сюжэце.

Таксама, паводле слоў першага намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Калінковіча, у якасці прыкладу можна прывесці “некаторую трансфармацыю падыходаў да адказнасці за так званае картэрства”: “Прапануецца ў праекце ўвесці не крымінальную, а адміністрацыйную адказнасць для тых людзей, якія па просьбе ашуканцаў рэгіструюць на сваё імя банкаўскія карты, потым перадаюць іх рэквізіты абы каму. Але гэта не значыць, што гэтым можна будзе зусім беспакарана займацца, таму што адміністрацыйную адказнасць за гэтыя дзеянні мяркуецца ўстанавіць дастаткова суворую. І па кішэні яна будзе біць не менш адчувальна за крымінальны штраф”.

8 жніўня Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці”, які прадугледжвае ў тым ліку змякчэнне пакарання па “антынаркатычным” артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса.

Паводле інфармацыі ягонай прэс-службы, прапануюцца “альтэрнатыўныя больш мяккія пакаранні ў выглядзе арышту на тэрмін да трох месяцаў за набыццё або захоўванне наркотыкаў (ч. 1 арт. 328 КК); абмежаванне волі за разавыя выпадкі іх збыту (ч. 2 арт. 328 КК)”. Цяпер ч. 1 прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўлення волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, ч. 2 — пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да васьмі гадоў са штрафам або без штрафу.

Законапраект прадугледжвае змяншэнне ніжняга памеру пакарання за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўлення волі (ч. 4 арт. 328).

У законапраекце аб змяненні кодэксаў перагледжаныя санкцыі 97 саставаў злачынстваў, з іх 65 саставаў “дапоўненыя альтэрнатыўнымі больш мяккімі відамі пакаранняў”. У 32 саставы ўнесеныя карэкціроўкі, у тым ліку для ўстаранення дысбалансу ў санкцыях.

“Узмацняецца гуманістычны складнік крымінальнага закону, — сцвярджае прэс-служба Лукашэнкі. — Вызначаецца, што жанчынам і адзінокім мужчынам, якія ўпершыню ўчынілі няцяжкія злачынствы, выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама непаўналетнім і інвалідам першай групы пазбаўленне волі не прызначаецца. Выключэнне будуць складаць выпадкі, калі асоба здзейсніла злачынства экстрэмісцкай накіраванасці або звязанае з ужываннем гвалту. Аналагічныя правілы прадугледжаны ў частцы ўзяцця пад варту”.

Пераводзяцца ў справы прыватна-публічнага абвінавачання (узбуджаюцца па заяве пацярпелага) злачынствы аб парушэнні правілаў дарожнага руху, што прывяло да прычынення шкоды блізкім сваякам або членам сям’і вінаватай асобы (ч. 2 арт. 317 КК). Такая мера, на думку распрацоўшчыкаў, закліканая “садзейнічаць ўнутрысямейнаму ўрэгуляванню канфлікту”.

Падрыхтоўкай законапраекта займалася спецыяльна створаная пры адміністрацыі Лукашэнкі працоўная група.

31 траўня намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Вольга Чупрыс заявіла, што крымінальныя артыкулы, якія датычацца звыш 90 складаў злачынстваў (па 36 з іх зараз безальтэрнатыўныя санкцыі), плануецца дапоўніць больш мяккімі пакараннямі, не звязанымі з пазбаўленнем волі.

18 ліпеня на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага суда Лукашэнка прызнаў, што прынятыя ў Беларусі нарматыўна-прававыя акты “не заўсёды працуюць на практыцы” — і гэта “вялікая бяда”.

21 ліпеня Чупрыс паведаміла, што Лукашэнка даручыў здзейсніць “тэктанічны разлом у заканадаўстве”.

На наступны дзень Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававой інфармацыі абвесціў пачатак збору прапаноў грамадзян і арганізацый па праблемных пытаннях заканадаўства.

Падзяліцца: