Мінск 10:52

У Магілёўскай вобласці мужчына смяротна атруціўся грыбамі

Фота: ДКСЭ

25 верасня, Позірк. Пра смерць 39-гадовага жыхара гарадскога пасёлка Краснаполле (Магілёўская вобласць) паведаміў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз (ДКСЭ).

“Мужчына набраў у лесе грыбоў і днём ужыў іх у ежу, а ўжо ўвечары адчуў рэзкае пагаршэнне стану: пачаліся болі ў жываце, млоснасць, ваніты, дыярэя, агульная слабасць”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што пацярпелага даставілі ў цэнтральную раённую бальніцу, а пазней перавялі ў Магілёўскую клінічную бальніцу. Аднак выратаваць яго не ўдалося — на сёмы дзень пасля ўжывання грыбоў ён памёр.

Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці праведзена судовая медыцынская экспертыза. Яна паказала, што мужчына памёр ад “вострага пераральнага атручвання, ускладненага развіццём сіндрому паліорганнай недастатковасці”.

За 2025 год у Беларусі зафіксавана 45 выпадкаў атручвання грыбамі, пацярпеў 61 чалавек, уключаючы 4 дзяцей.

З пачатку гэтага года ўстаноўлена 13 выпадкаў атручвання, пацярпеў 21 чалавек, у тым ліку 6 дзяцей. Такія даныя на пачатак верасня прыведзены на сайце Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

У 2023 годзе ў выніку атручвання грыбамі ў Беларусі памерла чатыры чалавекі, яшчэ 81 пацярпеў.

Падзяліцца: