Мінск 23:30

СК заявіў пра спробы вярбоўкі беларусаў для здзяйснення тэрактаў на чыгунцы, пагражае прымяненнем зброі

Ілюстрацыя: rw.by

24 верасня, Позірк. Пра спробы невядомых асоб схіляць грамадзян Беларусі да здзяйснення актаў тэрарызму на чыгунцы і іншых аб’ектах інфраструктуры за грашовае ўзнагароджанне заявіў 24 верасня Следчы камітэт.

Паводле сцвярджэння ведамства, “так званыя “куратары” шукаюць патэнцыйных выканаўцаў у чатах месенджараў і сацыяльных сетках, уступаюць з чалавекам у дыялог і спрабуюць усталяваць даверлівыя адносіны, пасля чаго выкарыстоўваюць выяўленыя “слабыя месцы” для псіхалагічнага ўздзеяння і “прапануюць здзейсніць злачынства”.

У якасці прыкладу згадваецца выпадак з нейкім 18-гадовым маладым чалавекам. Паводле даных ведамства, з ім у “Тэлеграме” звязаўся невядомы і прапанаваў “лёгкую падпрацоўку”, якая заключалася ў падпале рэлейных шаф. Прыводзяцца скрыншоты перапіскі.

“Зламыснікі не хаваюць, што мэтай такой акцыі на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца парушэнне міжнароднай лагістыкі з Расійскай Федэрацыяй, а таксама стварэнне ўмоў для катастрофы на чыгунцы і гібелі людзей”, — гаворыцца ў паведамленні.

СК сцвярджае, што малады чалавек адразу паведаміў пра прапанову праваахоўным органам.

Ведамства таксама заявіла, што мае звесткі пра “іншыя неаднаразовыя” спробы вярбоўкі грамадзян Беларусі.

За падобныя дзеянні СК пагражае пераследам паводле арт. 289 КК (акт тэрарызму), “санкцыя якой прадугледжвае, у прыватнасці, выключную меру пакарання”.

“Праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь на сталай аснове праводзіцца комплекс следчых дзеянняў і аператыўных мерапрыемстваў па выяўленні дэструктыўнай і тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі нашай краіны, — сказана ў рэлізе. — Любыя радыкальныя ячэйкі будуць устаноўлены яшчэ на стадыі фарміравання, а тэрарыстычная дзейнасць спынена на стадыі падрыхтоўкі. Таксама нагадваем, што пры спыненні здзяйснення асабліва цяжкіх злачынстваў супрацоўнікі сілавых ведамстваў могуць прымяняць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі і агнястрэльную зброю”.

Згаданы артыкул КК актыўна выкарыстоўваецца ўладамі для палітычна матываванага пераследу апанентаў.

У лютым праваабарончы цэнтр “Вясна” паведаміў, што з 2022 года не менш за 403 чалавекі (у тым ліку 71 жанчына) ў Беларусі асуджаныя за падтрымку Украіны, больш за 200 з іх на той момант знаходзіліся ў няволі. 34 з іх былі асуджаныя за “акт тэрарызму” — па справах аб дыверсіях, у тым ліку на чыгунцы, а таксама на аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам; яшчэ сем чалавек — за дыверсіі паводле іншых крымінальных артыкулаў. 

Падзяліцца: