Мінск 23:30

МУС Літвы прапанавала беларусам падаваць заявы аб дазволе на часовае пражыванне ў краіне ў Арменіі і Грузіі

24 верасня, Позірк. Аб спыненні з 1 лістапада 2026 года практыкі падачы заяў на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літве праз падраздзяленні знешняга пастаўшчыка паслуг у Босніі і Герцагавіне, Казахстане, Кыргызстане і Узбекістане паведамляецца на сайце МУС краіны.

Такое рашэнне міністр унутраных спраў Марцінас Катэлінас прыняў “у сувязі з пагрозамі інтарэсам дзяржаўнай бяспекі“. У чым яны заключаюцца, не ўдакладняецца.

У рэлізе ведамства асобная ўвага надаецца беларускім грамадзянам: “Каб працадаўцы і надалей мелі магчымасць прыцягваць працоўную сілу, якой не стае, з Беларусі, грамадзянам гэтай краіны даецца магчымасць падаваць заявы на выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Літоўскай Рэспубліцы ў падраздзяленнях знешняга пастаўшчыка паслуг у Арменіі і Грузіі“.

“Калі б такая магчымасць не была прадугледжана, пасля пачатку дзеяння з 1 лістапада <…> змен у закон Літоўскай Рэспублікі “Аб прававым становішчы замежнікаў“ грамадзяне Рэспублікі Беларусь больш не маглі б прыязджаць у Літву на падставе працаўладкавання“, — сцвярджае МУС.

Паводле даных Дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы, на 1 верасня 2026 года дзейны дазвол на пражыванне ў краіне мелі 47.872 грамадзяніны Беларусі. Большая частка дакументаў — 43.341 (90,5%), — гэта часовы від на жыхарства. Пры гэтым 33.203 (76,6% часовых ВНЖ) было выдадзена на падставе працы. 

Падзяліцца: