Мінск 01:45

Блок Пракоп’ева і Ягорава ў КР прапануе правесці выбары дэмлідара

Архіўнае фота: сайт Святланы Ціханоўскай

13 жніўня, Позірк. Прадстаўнікі фракцыі “Беларусы” (ранейшая назва — “Блок Пракоп’ева — Ягорава”) у Каардынацыйнай радзе (КР) прапанавалі Святлане Ціханоўскай правесці ў 2025 годзе выбары дэмакратычнага лідара “як лепшы спосаб пацверджання паўнамоцтваў ⟨…⟩ і пераадолення крызісу ў дэмсілах”.

Адпаведная заява апублікавана ў тэлеграм-канале блока.

Выбары, як мяркуюць аўтары, “не толькі пацвердзяць мандат лідара, але і дазволяць выбаршчыкам выбраць найбольш эфектыўную перадвыбарную праграму і адсочваць яе рэалізацыю”.

Там таксама заявілі, што “арганізацыя выбараў і правядзенне шырокай інфармацыйнай кампаніі — задача каманды дзейнага лідара дэмсіл Святланы Ціханоўскай”, і заклікалі “выкарыстоўваць гэты год, каб зрабіць выбары максімальна інклюзіўнымі і празрыстымі”.

“Крытыкі ідэі выбараў апасаюцца, што магчымая нізкая яўка аслабіць наша міжнароднае прызнанне. Мы не згодны. Заходнія партнёры кіруюцца выключна сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, а не ўнутранымі паказчыкамі дэмсіл ва ўмовах рэпрэсій з боку рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі. Для іх важней нашая прыхільнасць дэмакратыі, празрыстасці і змяняльнасці ўлады”, — заявілі ў блоку.

На думку яго прадстаўнікоў, правядзенне выбараў дэмлідара “ўмацуе давер і павысіць цікавасць беларусаў да дэмакратычных сіл”, а “перадвыбарная кампанія створыць здаровую канкурэнцыю, стане пляцоўкай для абмеркавання новых падыходаў і ўмацуе рух”.

8 жніўня спікер КР другога складу Андрэй Ягораў, грамадска-палітычны дзеяч Вадзім Пракоп’еў і прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч ад імя фракцыі “Беларусы” раскрытыкавалі “палажэнне аб бестэрміновым падаўжэнні мандата Святланы Ціханоўскай у якасці нацыянальнага лідара”, замацаванае ў пратаколе ўзаемадзеяння дэмлідара і Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), прынятым на канферэнцыі “Новая Беларусь” 3 жніўня ў Вільнюсе.

Гэтая норма, на іх думку, “недапушчальная і падрывае давер да ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі ў цэлым”. Мандат Ціханоўскай як нацыянальнага лідара, лічаць аўтары заявы, з 9 жніўня 2025 года “будзе несапраўдным да праходжання новай працэдуры пацверджання”.

Фракцыя “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду” назвала заяву “Беларусаў” правакацыяй.

Спікер Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава адзначыла, што фракцыя “Беларусы” мае права на сваё меркаванне, але звярнула ўвагу на тое, што тэкст згаданага пратакола падчас адкрытага галасавання падтрымалі ўсе групы КР.

Фракцыя “Еўрапейскі выбар” у Каардынацыйнай радзе згодная з рашэннем падоўжыць мандат Ціханоўскай, заявіла ў каментары “Позірку” ад імя палітычнай групы яе сябра, прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык.

На думку прадстаўніка фракцыі “Наша справа” Віталя Рымашэўскага, лідарства ў дэмакратычных сілах “не павінна быць прывязана да электаральных цыклаў, якія навязвае сёння Аляксандр Лукашэнка, паколькі выбараў у Беларусі няма”.

Падзяліцца: