Мінск 11:31

Падчас уборкі ўраджаю выяўлена амаль 6 тыс. парушэнняў патрабаванняў па ахове працы

Крыніца: unsplash.com

13 жніўня, Позірк. Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый “рэкамендавана ліквідаваць каля 6 тыс. парушэнняў патрабаванняў па ахове працы”, выяўленых з пачатку ўборачнай кампаніі, паведамляе прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Паводле сцвярджэння ведамства, парушэнні ўстаноўленыя па выніках 585 маніторынгаў, праведзеных “мабільнымі групамі” з ліку прадстаўнікоў дэпартамента дзяржінспекцыі працы і мясцовых уладаў.

Сярод асноўных парушэнняў — незабеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны; эксплуатацыя транспартных сродкаў і іншага абсталявання без ахоўных агародж частак, якія рухаюцца (верцяцца); неабсталяванне завальных ям зернесушыльных комплексаў металічнымі рашоткамі; ўстаноўка рамантуемай тэхнікі на староннія прадметы; захоўванне рэчываў (вадкасцяў) у неазначанай тары.

Праз парушэнні прыпынялася праца 320 станкоў, машын і іншага вытворчага абсталявання, эксплуатацыя якіх “стварала пагрозу жыццю і здароўю работнікаў”, падкрэслівае Мінпрацы.

803 чалавекі адхіляліся ад працы з прычыны “неправядзення інструктажоў, медыцынскіх аглядаў, адсутнасці сродкаў індывідуальнай абароны”.

У аграпрамысловым комплексе, згодна з матэрыяламі Камітэта дзяржкантролю і Генпракуратуры, “цэлы букет рознага роду парушэнняў: крадзяжы, карупцыя, прыпіскі, негатоўнасць тэхнікі і зернесушыльных комплексаў і іншыя”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня на селектарнай нарадзе з прадстаўнікамі сваёй адміністрацыі, урада, мясцовых уладаў.

Злачынствам ён назваў негатоўнасць “нават аднаго камбайна або сушылкі”: “Патрэбныя высокая арганізацыя работ, добрая матывацыя аграрыяў і жалезная дысцыпліна. Пакуль — нават тое, што я бачу няўзброеным вокам, — мы гэтага не маем”.

Падзяліцца: