Мінск 05:33

Салдат тэрміновай службы здзейсніў самагубства на мяжы з Украінай — ДПК

Крыніца: ДПК

13 жніўня, Позірк. Аб самагубстве вайскоўца на заставе “Дзівін” Пінскага памежнага атрада (Брэсцкая вобласць, каля мяжы з Украінай) паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага памежкамітэта (ДПК).

Цела вайскоўца знойдзенае 10 жніўня. Яго прозвішча не называецца.

“Малады чалавек 2005 года нараджэння быў прызваны ў красавіку бягучага года і праходзіў тэрміновую службу, характарызаваўся станоўча. Папярэдне прычына суіцыду абумоўленая асабістымі абставінамі і не звязаная з праходжаннем вайсковай службы”, — сцвярджае ДПК.

“З мэтай высвятлення ўсіх абставінаў і прычын здарэння на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група”, — гаворыцца ў рэлізе.

Кіраўніцтва ведамства і камандаванне Пінскага памежатрада выказалі спачуванні родным і блізкім вайскоўца.

8 чэрвеня на ўчастку заставы “Усава” (Гродзенскі раён, на стыку межаў Беларусі, Літвы і Польшчы) было знойдзена цела малодшага сяржанта памежных войскаў “з прыкметамі суіцыду”.

У 2023 годзе было некалькі выпадкаў суіцыду ў беларускім войску.

На тэрыторыі памежнай заставы “Роза Люксембург” Мазырскага памежнага атрада (Ельскі раён Гомельскай вобласці) 11 снежня знойдзена цела вайскоўца 2003 года нараджэння з прыкметамі суіцыду.

У ноч на 4 жніўня ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Мінская вобласць) застрэліўся салдат тэрміновай службы.

10 красавіка ў Брэсце застрэліўся 20-гадовы тэрміновец, які служыў у 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе.

Цела вайскоўца “з прыкметамі суіцыду” было знойдзена 20 сакавіка ў памяшканні аддзялення пагранкантролю “Высока-Літоўск” на беларуска-польскай мяжы.

Падзяліцца: