Мінск 13:05

Андрэй Гнёт, якому пагражае дэпартацыя з Сербіі, просіць дапамагчы яму з аплатай выдаткаў на жыллё і адваката

Крыніца: "Інстаграм"

15 жніўня, Позірк. Рэжысёр Андрэй Гнет, які знаходзіцца ў Сербіі пад хатнім арыштам, просіць дапамагчы яму з аплатай выдаткаў на жыллё і адваката.

У сацсетках ён звярнуўся да “ўсім беларускіх палітычных, гуманітарных, грамадскіх структур і медыяў” далучыцца да дапамогі на краўдфандынгавым партале Gofundme.

Гнёт растлумачыў, што яму неабходны сродкі на аплату арэнды кватэры, паслугі адвакатаў і лекі.

Цяпер сабрана 416 з заяўленых неабходнымі 10 тыс. еўра.

Гнёт таксама заклікаў прыйсці 27 жніўня на разгляд ягонай скаргі ў Апеляцыйны суд Сербіі ў Бялградзе. Слуханне апеляцыі будзе адкрытым.

“Гэта не проста дзень, гэта мой апошні шанец быць пачутым. Экстрадыцыя ў Беларусь, дзе мяне чакаюць катаванні і смерць, павінна быць спынена. Кожны дзень мы змагаліся за маю свабоду, і цяпер зразумела, што толькі аб’яднанне нашых намаганняў, палітычны і медыйны ціск змаглі зрушыць маю справу з мёртвай кропкі”, — адзначыў ён.

Скарга на рашэнне Вышэйшага суда ў Бялградзе была пададзена 18 чэрвеня.

“Мы камуніцыруем на розных узроўнях у справе Андрэя і дамагаемся яго вызвалення”, — паведаміў “Позірку” галоўны саветнік беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Рэжысёр утрымліваецца пад хатнім арыштам з пачатку лета.

Беларускія ўлады дамагаюцца экстрадыцыі Гнёта з Сербіі па лініі Інтэрпола, абвінавачваючы яго паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў).

Увесну актывіста было вырашана выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

31 траўня Вышэйшы суд у Бялградзе зноў пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнета беларускім праваахоўным органам законна і павінна быць задаволена “ў мэтах яго прыцягнення да крымінальнай адказнасці па абвінавачанні ва ўчыненні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) <…> на падставе пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага ад 08.11.2023 года”.

41-гадовы Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбаш”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World of Tanks.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград і перададзены паліцыі.

Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае, што яе пераследуюць па палітычных матывах.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрасаюз, сітуацыя абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Падзяліцца: