Мінск 06:17

Экс-намесніка міністра энергетыкі Міхадзюка абвінавачваюць у атрыманні хабараў на 35 тыс. еўра

Фота: pixabay.com

20 жніўня, Позірк. У судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка.

У першы дзень пасяджэння экс-чыноўнік цалкам прызнаў віну, паведамляе агенцтва Sputnik.

Бок абароны хадайнічаў аб змене меры стрымання абвінавачанага і вызваленні яго пад заклад у сувязі з шэрагам хранічных захворванняў. Дзяржабвінаваўца заявіў, што для гэтага “няма падстаў”, бо ў СІЗА, дзе ўтрымліваецца Міхадзюк, “ёсць медыцынская частка”, а выстаўленае яму абвінавачванне прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Суд хадайніцтва адхіліў.

Паводле даных следства, якія былі абвешчаныя ў судзе, былы намеснік кіраўніка Мінэнерга лабіраваў інтарэсы прыватнай кампаніі пры закупцы еўрапейскага абсталявання для прадпрыемстваў ведамства. За гэта, як сцвярджаецца, ён атрымліваў хабар і “іншыя падарункі”.

Агулам з 2018-га да 29 снежня 2023 года Міхадзюку было перададзена 35 тысяч еўра “за спрыяльнае развязанне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю”.

Акрамя таго, вынікае з абвінавачвання, чыноўнік “ездзіў на навагоднія вакацыі ў Сербію за кошт камерсантаў у 2019 годзе”. Тлумачачы абставіны, абвінавачаны заявіў, што “некалькі разоў адмаўляўся ад прапаноў камерсантаў паехаць на адпачынак”.

Ён паведаміў, што на стадыі дасудовага следства кампенсаваў сумы, якія на яго патрацілі “камерсанты ў рэстаране сербскай кухні ў Бялградзе, а таксама падчас навагодніх вакацый у Сербіі ў 2019 годзе”.

Былы намеснік міністра таксама паведаміў у судзе, што прыняў ад прадстаўніка камерцыйнай фірмы 15 тыс. еўра. Адказваючы на пытанні пракурора, ён удакладніў, што пры атрыманні грошы “не пералічваў”, суму вызначыў “па выглядзе” і паклаў у кішэню “рэзервовага касцюма”. Гэтыя сродкі Міхадзюк выдаткаваў на “рамонт бацькоўскага дома”, а таксама на лячэнне — сваё і сваякоў.

“Таксама ў судзе была абвешчаная інфармацыя аб тым, што з другой часткі незаконна атрыманай сумы ў 20 тыс. еўра ім было выдаткавана 2 тыс., 18 тыс. выдаў пасля затрымання. Міхадзюк паведаміў у судзе, што пісаў дзве яўкі з павіннай, кампенсаваў прычыненую шкоду, незаконна атрыманыя сумы хабараў, а таксама пералічыў пэўную суму на дзіцячы анкацэнтр”, — гаворыцца ў публікацыі агенцтва.

У судзе абвешчаны перапынак.

Міхадзюк абвінавачваецца паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса — атрыманне хабару “альбо ў асабліва буйным памеры, альбо арганізаванай групай, альбо асобай, якая займае адказнае становішча”. Былому чыноўніку пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі са штрафам і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

28 снежня 2023 года ўрад вызваліў 68-гадовага Міхадзюка, які курыраваў будаўніцтва Беларускай АЭС, ад пасады намесніка міністра энергетыкі “ў сувязі з выхадам у адстаўку”.

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, 26 студзеня Следчы камітэт распачаў супраць экс-чыноўніка крымінальную справу “за спрыяльнае развязанне пытанняў выбару замежнай кампаніі ў якасці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцый у Беларусі”.

14 чэрвеня гэтага года на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета міністраў стала вядома, што Міхадзюк знаходзіцца ў следчым ізалятары. Тады ж стала вядома пра ўзбуджэнне ў студзені крымінальнай справы.

Паводле слоў Лукашэнкі, у рамках крымінальных спраў за хабар прыцягнута 30 чалавек. Ён згадаў справу свайго былога памочніка — інспектара па Віцебскай вобласці, экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло; першага намесніка кіраўніка справамі прэзідэнта Дзмітрыя Рыбко (ахарактарызаваў такім чынам: “хабарнік — кляйма ставіць няма дзе”).

8 ліпеня намеснік начальніка ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Дзмітрый Брылёў паведаміў, што супрацоўнікі МУС у выніку праверкі ў Мінскай вобласці выявілі схемы перадачы хабараў “дзясяткам службовых асоб”.

Падзяліцца: