Мінск 22:02

Памежная служба Украіны не фіксуе перамяшчэнне беларускіх вайскоўцаў паблізу мяжы

Спікер Дзяржпамежслужбы Украіны Андрэй Дземчанка
Скрыншот: архіўны відэазапіс медыяцэнтра "Украіна"

26 жніўня, Позірк. Беларускі кірунак “пагражальны”, але ў непасрэднай блізкасці ад мяжы не назіраецца перамяшчэнне тэхнікі і асабовага складу, заявіў у эфіры тэлемарафона спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.

“У цэлым па мяжы сітуацыя нязменная, — цытуе прадстаўніка ведамства інфармагенцтва УНІАН. — Сілы абароны Украіны цалкам кантралююць лінію мяжы, нейкіх нестандартных сітуацый непасрэдна па нашай дзяржаве не адзначалася”.

Паводле яго слоў, падраздзяленні выведкі “актыўна сочаць” за сітуацыяй, каб разумець, як “сітуацыя можа мяняцца”, і быць гатовымі на выпадак, “калі пачнуцца нейкія дзеянні з тэрыторыі Беларусі”. Дземчанка адзначыў, што Украіна ўмацоўвае лінію мяжы, памежныя фартыфікацыйныя збудаванні, каб у вайскоўцаў былі “ўсе магчымасці адбіць любую атаку, у тым ліку і з тэрыторыі Беларусі — ці то беларускія падраздзяленні, ці то расійскія”.

“Але адзначу, што на гэты момант Расія непасрэдна на тэрыторыі Беларусі не мае дастатковай групоўкі або сіл, якія яна магла б задзейнічаць для ўварвання на тэрыторыю Украіны”, — заявіў спікер ДПСУ.

Пры гэтым Дземчанка падкрэсліў, што Масква, хутчэй за ўсё, цісне на Мінск, каб той “больш маштабна” далучыўся да вайны.

Напярэдадні Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала “службовых асоб” у Мінску “не рабіць трагічных для ўласнай краіны памылак пад ціскам Масквы” і “адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы”. Уладам Беларусі прапанавана аддаліць войскі “на адлегласць, якая перавышае далёкасць паражэння наяўных у РБ сістэм агню”.

“Паводле даных выведніцкіх органаў Украіны, Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь пад выглядам вучэнняў засяроджваюць значную колькасць асабовага складу, у прыватнасці, Сіл спецыяльных аперацый, узбраення і вайсковай тэхнікі, уключаючы танкі, артылерыю, РСЗА, сродкі СПА і інжынерную тэхніку, у Гомельскай вобласці паблізу паўночных межаў Украіны”, — гаварылася ў дакуменце.

Сцвярджаецца, што на мяжы з беларускага боку “зафіксавана прысутнасць наймітаў былой ПВК “Вагнер”.

“Правядзенне вучэнняў у памежнай паласе і непасрэднай блізкасці да аб’екта атамнай энергетыкі, Чарнобыльскай АЭС, стварае пагрозы нацыянальнай бяспецы Украіны і сусветнай бяспецы ў цэлым”, — адзначыла украінскае МЗС.

Ведамства падкрэсліла, што Украіна “ніколі не рабіла і не збіраецца прадпрымаць ніякіх недружалюбных дзеянняў супраць беларускага народа”.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” ў сярэдзіне жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна трымае каля беларускай мяжы больш за 120 тыс. салдат. “Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і размясцілі ў пэўных пунктах — так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б — нашых вайскоўцаў”, — сказаў ён.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, Кіеў узмацніў свой кантынгент пасля таго, як у Беларусь былі перакінутыя расійскія войскі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня: нібыта з асцярог, што яны нападуць з Гомельскай вобласці, як у лютым 2022 года.

У адказ на гэта Лукашэнка, паводле яго слоў, перакінуў да ўкраінскай мяжы “амаль траціну арміі” ў дадатак да пастаяннага кантынгенту, пасля высвятлення сітуацыі па каналах спецслужбаў дадатковыя сілы былі адведзеныя абодвума бакамі.

Напрыканцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі выведніцкай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, паколькі вайскоўцы далі рады сітуацыі “дыпламатычнай мовай”.

Расійская прапаганда заявіла пра здраду з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, украінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятучымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

На фоне закліку Кіева адвесці войскі ад мяжы ў Гомельскай вобласці пачаўся чарговы этап праверкі тэрабароны

26 жніўня, Позірк. Другі этап комплекснай праверкі органаў упраўлення тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласці праходзіць 26 жніўня — 6 верасня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны. Паводле інфармацыі ведамства, мерапрыемствы праводзяцца пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны — намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл. 24 …
Падзяліцца: