Мінск 21:58

На фоне закліку Кіева адвесці войскі ад мяжы ў Гомельскай вобласці пачаўся чарговы этап праверкі тэрабароны

Тэрытарыяльная абарона ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці
Архіўнае фота: kormanews.by

26 жніўня, Позірк. Другі этап комплекснай праверкі органаў упраўлення тэрытарыяльнай абароны Гомельскай вобласці праходзіць 26 жніўня — 6 верасня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Паводле інфармацыі ведамства, мерапрыемствы праводзяцца пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны — намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл. 24 чэрвеня на гэтую пасаду быў прызначаны Андрэй Краўчанка, які раней быў першым намеснікам начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба.

У ходзе праверкі плануецца ацаніць “узровень падрыхтоўкі” абласной тэрабароны, а таксама вызначыць “эфектыўнасць работы службовых асоб” райвыканкамаў і ваенкаматаў рэгіёну ў пытаннях “фармавання тэрытарыяльных войскаў і прымянення сіл тэрытарыяльнай абароны”.

25 жніўня Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала Мінск “не рабіць трагічных для ўласнай краіны памылак пад ціскам Масквы” і “адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы”.

“Перасцерагаем, што ў выпадку парушэння дзяржаўнай мяжы Украіны з боку Беларусі наша дзяржава зробіць усе неабходныя захады ў парадку рэалізацыі гарантаванага Статутам ААН права на самаабарону. Пры гэтым усе скопішчы войскаў, вайсковыя аб’екты і шляхі забеспячэння на тэрыторыі Беларусі будуць законнымі цэлямі для Узброеных сіл Украіны”, — паведаміла ўкраінскае знешнепалітычнае ведамства.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” ў сярэдзіне жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Украіна трымае каля беларускай мяжы больш за 120 тыс. салдат. “Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і размясцілі ў пэўных пунктах — так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б — нашых вайскоўцаў”, — сказаў ён.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, Кіеў узмацніў свой кантынгент пасля таго, як у Беларусь былі перакінутыя расійскія войскі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня: нібыта з асцярог, што яны нападуць з Гомельскай вобласці, як у лютым 2022 года.

У адказ на гэта Лукашэнка, паводле яго слоў, перакінуў да ўкраінскай мяжы “амаль траціну арміі” ў дадатак да пастаяннага кантынгенту, пасля высвятлення сітуацыі па каналах спецслужбаў дадатковыя сілы былі адведзены абодвума бакамі.

Напрыканцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі выведніцкай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, паколькі вайскоўцы далі рады сітуацыі “дыпламатычнай мовай”.

Расійская прапаганда заявіла пра здраду з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, украінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

Падзяліцца: