Мінск 21:55

Літва накіравала ў Латвію другую ў гэтым месяцы групу памежнікаў для дапамогі ў ахове мяжы з Беларуссю

Архіўнае фота: udf.by

26 жніўня, Позірк. Другую групу з “прыкладна 10 афіцэраў-пагранічнікаў рознага профілю, кінолагаў і спецыялістаў крымінальнай разведкі” накіравала Літва ў Латвію 19 жніўня для аказання дапамогі ў ахове мяжы з Беларуссю.

Пра гэта, са спасылкай на BNS, паведаміў 26 жніўня сайт 15min.lt, працытаваўшы камандуючага пагранслужбай Літвы Рустама Любаева.

Цяпер, адзначыў ён, назіраецца зніжэнне патоку мігрантаў на граніцы з Латвіяй, таму пагранслужбы абедзвюх краін “ацэняць інфармацыю і статыстыку крымінальнай разведкі” для вырашэння пытання далейшага прадаўжэння місіі.

Таксама паведамляецца, што 26 жніўня адбыліся восьмыя нефармальныя кансультацыі міністраў замежных справаў Літвы і Латвіі. У ліку іншага кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмяркоўвалі пытанні магчымай уніфікацыі санкцый супраць Беларусі і РФ.

Першая група літоўскіх пагранічнікаў у складзе дзевяці чалавек, у тым ліку кінолагаў і спецыялістаў па крымінальнай разведцы, накіравалася ў Латвію 5 жніўня.

Раней паведамлялася, што Рыга прасіла Вільню накіраваць да 15 памежнікаў.

Увосень 2023 года Літва накіроўвала ў Латвію 20 памежнікаў для дапамогі з аховай мяжы з Беларуссю, прадухіленнем нелегальнай міграцыі, іншымі аперацыямі.

З 1 па 22 жніўня суседнімі з Беларуссю краінамі ЕС было спынена 1.936 спроб пранікнення нелегалаў з беларускай тэрыторыі (Польшчай — 1.489, Латвіяй — 383, Літвой — 64). Гэта на 15,4 працэнта больш, чым за 22 дні ліпеня (1.677; 860, 737, 80), і на 43% (у 1,8 раза) менш, чым за 22 дні жніўня 2023 года (3.395; 2.254, 1.057, 84).

У перыяд з 1 студзеня па 22 жніўня краіны ЕС папярэдзілі 27.469 спроб нелегальнай міграцыі з беларускай тэрыторыі (Польшча — 23.048, Латвія — 3.991, Літва — 430) — на 200, або на 0,7%, менш, чым за аналагічны леташні перыяд. 27.669; 19.812, 6.296, 1.561), сведчыць аналіз статыстыкі пагранведамстваў, які праводзіцца “Позіркам”.

З вясны 2021 года на мяжы Беларусі і Еўразвяза працягваецца міграцыйны крызіс, які ўлады Польшчы і краін Балтыі называюць “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: