Мінск 10:17

Прадстаўнік Мінюста заявіла ў ААН, што ёй невядомыя выпадкі ліквідацыі ў Беларусі грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў

Скрыншот: "Вясна"

28 жніўня, Позірк. Грамадскія аб’яднанні ў Беларусі могуць быць ліквідаваныя толькі за парушэнне заканадаўства, заявіла начальнік упраўлення па пытаннях некамерцыйных арганізацый Міністэрства юстыцыі Алена Кірычэнка, выступаючы 27 жніўня на пасяджэнні Камітэта ААН па правах людзей з інваліднасцю.

“У заканадаўстве <…> дакладна прапісана, за што можа быць ліквідаванае грамадскае аб’яднанне, а ўсе яны былі ліквідаваныя ў судовым парадку, — цытуе Кірычэнка праваабарончы цэнтр “Вясна”. — Разам з тым у іх заставалася магчымасць абскарджання гэтых рашэнняў у вышэйстаячым судзе. І вось хацелася б таксама адзначыць, што на сённяшні дзень нават у рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў і ў міжнародных з’явілася магчымасць абскарджання ў Вярхоўным судзе”.

“А адносна ліквідацыі грамадскіх аб’яднанняў інвалідаў… Вось мне, напрыклад, такія выпадкі невядомыя”, — сказала прадстаўнік Мінюста.

Эксперт камітэта Амалія Гаміа Рыас на пасяджэнні падкрэсліла, што грамадскія арганізацыі ў Беларусі ліквідаваліся не таму, што парушалі заканадаўства: “Мы ведаем, што ў многіх выпадках выкарыстоўваецца фармулёўка “парушэнне закона”, бо ёсць шмат прычын, па якіх адбываюцца гэтыя закрыцці”.

Яна прывяла ў якасці прыкладу ліквідацыю ўладамі Офіса па правах людзей з інваліднасцю.

Намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў аддзяленні ААН у Жэневе Іна Васілеўская адказала, што офіс рэалізоўваў праект міжнароднай падтрымкі доступу да правасуддзя “пэўных уразлівых груп насельніцтва”, аднак “сродкі з гэтага праекта накіроўваліся на рэалізацыю іншых мэтаў”.

Улічваючы, што “адным з удзельнікаў гэтых дзеянняў быў Офіс рэзідэнта каардынатара ААН у Рэспубліцы Беларусь, следства было прыпыненае, але, на жаль, супрацьпраўныя дзеянні Офіса па правах людзей з інваліднасцю былі зафіксаваныя”, сказала Васілеўская.

У лютым 2021 года кіраўніка ліквідаванага ўладамі Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргея Драздоўскага і юрыста офіса Алега Граблеўскага абвінавацілі ў махлярстве паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса. Першы знаходзіўся пад хатнім арыштам, другі — у СІЗА. У ліпені ім змянілі меру стрымання і вызвалілі пад даручальніцтва. Цяпер абодва знаходзяцца за мяжой.

Улады інкрымінавалі праваабаронцам аплату паслуг адвакатаў для 23 затрыманых падчас акцый пратэсту ў 2020 годзе. Гэтыя грошы ім нібыта перадавалі ў прадстаўніцтве ААН у Беларусі.

Драздоўскі называў крымінальны пераслед “надуманым”. Паводле яго слоў, адвакацкая падтрымка ад ААН людзям з інваліднасцю і людзям, якія пацярпелі ад хатняга гвалту, ажыццяўлялася з 2019 года і не можа лічыцца незаконнай.

У снежні 2021 года Драздоўскага і Граблеўскага ўзнагародзілі прэміяй Front Line Defenders 2021.

Паводле даных праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца ліпеня 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.742 некамерцыйных арганізацый (НКА) — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец ліпеня не менш за 1.086 НКА знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Рашэнне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным праз ціск на членаў НКА, неспрыяльнага прававога асяроддзя і грамадска-палітычнай сітуацыі.

Падзяліцца: