Мінск 07:59

Генпракуратура Арменіі зняла абмежаванні на перамяшчэнне Дзіяны Майсеенкі

Крыніца: старонка юрыста Алеся Міхалевіча ў "Фэйсбуку"

5 верасня, Позірк. Аб зняцці Генеральнай пракуратурай Арменіі з беларускі Дзіяны Майсеенкі абмежаванняў на перамяшчэнне паведаміў саветнік па прававых пытаннях офіса дэмлідэра Святланы Ціханоўскай Леанід Марозаў.

У афіцыйнай заяве нагляднага органа на імя беларускі, сцвярджае ён, гаворыцца аб адсутнасці прававых падстаў для абмежаванняў пры перасячэннях мяжы.

Гэты дакумент таксама быў накіраваны ў МУС Арменіі, пасля пацверджання якога там Майсеенка зможа пакінуць краіну.

Прэс-служба офіса адзначае, што раней каманда дэмакратычнага лідэра “прадставіла звесткі, якія сведчаць аб палітычна матываваным пераследзе Дыяны рэжымам Лукашэнкі за мірную рэалізацыю сваіх правоў”.

У Генпракуратуры матывавалі сваё рашэнне тым, зазначае прэс-служба, што выстаўленыя абвінавачанні не лічацца крымінальна каральнымі па армянскім заканадаўстве.

2 верасня галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведамляў аб атрыманні ад Ерэвана запэўнівання, што Арменія “не будзе выдаваць рэжыму Лукашэнкі пераследуемых па палітычных прычынах грамадзян Беларусі”.

Беларуска была затрымана пры перасячэнні мяжы паміж Грузіяй і Арменіяй раніцай 2 верасня, але праз некалькі гадзін яе адпусцілі, паведаміў юрыст Алесь Міхалевіч у каментарах да свайго паведамлення аб затрыманні. Пазней ён удакладніў, што паводле рашэння пракуратуры Арменіі вырашана не браць Майсеенку пад варту на час разгляду экстрадыцыйнай справы, ёй абмежаваны выезд з краіны.

Паводле яго інфармацыі, беларускія ўлады аб’явілі Майсеенку ў вышук як абвінавачаную паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яна была дастаўлена ў аддзяленне паліцыі горада Наэмбяран.

Пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй 2 лютага 2024 года быў затрыманы грамадзянін Беларусі Яраслаў Новікаў. Беларускія ўлады аб’явілі яго ў міждзяржаўны вышук СНД паводле арт. 435 КК (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу). Новікаў быў змешчаны пад варту на 40 дзён для экстрадыцыі, аднак ён звярнуўся па палітычны прытулак. Выдачы перашкодзілі армянскія праваабаронцы і беларускія дэмакратычныя сілы, сітуацыя атрымала шырокую агалоску ў армянскіх СМІ. У маі Новікаву быў дадзены статус уцекача ў Арменіі.

У чэрвені ў гэтай краіне атрымаў палітычны прытулак грамадзянін Беларусі Максім Вайткявічус. Некалькі месяцаў таму яго затрымалі пры перасячэнні мяжы Грузіі з Арменіяй на падставе вышуку паводле таго ж арт. 435 КК.

Падзяліцца: