Мінск 01:46

Затрыманага беларуса Льва Міхеева грузінскія ўлады выслалі ў Арменію, дзе ён таксама затрыманы

Леў Міхееў
Фота: асабісты архіў Рамана Кісляка, адмыслова для "Позірку"

26 верасня, Позірк. Затрыманы раніцай 25 верасня ў Грузіі грамадзянін Беларусі Леў Міхееў вывезены на мяжу з Арменіяй і зараз знаходзіцца ўжо на армянскім баку, дзе таксама затрыманы, бо знаходзіцца ў вышуку на запыт беларускіх уладаў. Пра гэта сам палітуцякач, які з 2021 года чакаў прытулку, распавёў “Позірку”.

“Я спрабаваў сёння здзейсніць стандартную працэдуру замены ID-карты. Я загадзя паклапаціўся пра гэта і практычна за месяц пачаў працэдуру. Прыехаў у Дэпартамент міграцыі (у вёсцы Марткопі, каля 30 км ад сталіцы краіны Тбілісі. — “Позірк”.) і напісаў заяву. У мяне яе прынялі з фотаздымкам і сказалі праз два тыдні прыязджаць па рашэнне, як гэта звычайна было”, — сказаў Міхееў.

Калі мінула два тыдні, ён прыехаў зноў, але сцэнар быў нечаканым: “Мяне запускаюць, садзяць у крэсла, і доўга нічога не адбываецца. Нарэшце з’яўляюцца супрацоўнікі, кажуць, што трэба паехаць з імі ў Тбілісі на сумоўе”.

“Адразу садзяць мяне ў машыну. Я толькі паспеў адправіць [праваабаронцу] Раману [Кісляку] кароткае паведамленне, як у мяне забралі тэлефон. Практычна я з гэтага моманту знаходзіўся ў стане арыштанта”, — падкрэсліў беларус.

Ён адзначыў, што ў Тбілісі яго трымалі ў кабінеце каля двух гадзінаў: чакалі перакладчыка. “З’явіўся кейс-менеджар па маім пытанні і сказаў, што я нелегал, што мой дакумент, мая айдзішка, тэрмін дзеяння якой яшчэ не скончыўся, увогуле не мае ніякага значэння”, — апісаў сітуацыю актывіст.

Міхееву прапанавалі два варыянты: “выкінуць у кайданках з Грузіі” або добраахвотна яе пакінуць, самому абраўшы, куды ехаць, нават у Беларусь. Ад вяртання на радзіму ён адмовіўся, таму што “прасіў прытулку менавіта праз тое, што яго пераследавалі на радзіме”. Актывіст папрасіў трохі часу, хаця б да канца дзеяння часовага пасведчання асобы (9 кастрычніка), але грузінскія сілавікі адмовілі.

“Мяне ганялі з кабінета ў кабінет. Прыйшоў урач, распрануў да майткоў — жах нейкі. Потым паехалі дадому, я сабраў сякія-такія рэчы, паехалі ў дэпартамент. Потым ужо ў аўтазаку мяне сюды (на мяжу. — “Позірк”.) прывезлі і выкінулі”, — распавёў беларус.

Паводле слоў Міхеева, ён сам абраў Арменію. Суду па высылцы не было, яго “прымусілі падпісаць шмат папераў” на грузінскай мове, сэнсу якіх ён не разумеў. “Я зразумеў, што яны тут проста шалёныя. З імі спрачацца наконт чагосьці складана. Няхай будзе Арменія. І працэс закруціўся, завярцеўся”, — патлумачыў Міхееў.

На армянскай мяжы ён быў затрыманы, бо знаходзіцца ў базе міждзяржаўнага вышуку краін СНД на запыт Мінска.

Беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі і сам некалькі гадоў спрабуе атрымаць міжнародную абарону, паведаміў “Позірку”, што цэлы дзень спрабаваў атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне Міхеева ў грузінскіх уладаў. Для гэтага ён звяртаўся ў Дэпартамент міграцыі, а калі яму адмовілі ў інфармацыі, — у паліцыю.

“Я патэлефанаваў у службу 112, гэта агульная экстраная служба, і паведаміў, што чалавек знік. Мне патэлефанавалі з крымінальнай паліцыі, папрасілі яго дакументы, пачалі шукаць. Магчыма, гэта нават паскорыла працэс яго дэпартацыі, таму што якраз у гэты час яго пачалі перакідваць з камеры ў камеру. Мы гэтага не ведалі”, — адзначыў Кісляк.

“Пакуль мы шукалі Льва, яго трымалі інкамунікада, без сувязі са знешнім светам. Гэта было фактычна гвалтоўнае знікненне. Яно не было працяглым, але ён быў абсалютна бяспраўным. Яму не далі магчымасці ні звязацца з юрыстамі, ні атрымаць абарону закона і права, яго прымусова дэпартавалі”, — падкрэсліў праваабаронца.

Паводле яго інфармацыі, толькі зараз высветлілася, што яшчэ ў ліпені апеляцыйны суд прыняў нейкае рашэнне па справе Міхеева, магчыма — аб дэпартацыі.

“Мы не бачылі рашэнняў і будзем усё гэта, вядома, высвятляць. Грузія становіцца дзяржавай яшчэ больш бяспраўнай, чым была раней, на жаль”, — заявіў Кісляк.

Грузія, якой з 2012 года кіруе партыя “Грузінская мара” прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, не задаволіла ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі аб наданні прытулку. У першай палове 2026 года з краіны было выслана 24 беларусы. Меркаваныя прычыны: перавышэнне тэрміну знаходжання (не больш за 365 дзён запар), пратэрмінаваны пашпарт (немагчыма абмяняць у амбасадзе з-за дыскрымінацыйнага ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года), здзяйсненне злачынства.

Сёлета ў чэрвені беларус — былы палітвязень (імя не называецца) быў упершыню дэпартаваны з Грузіі ў Арменію.

Гл. раней па тэме:

У Грузіі затрыманы беларус, які пяць гадоў чакае палітычнага прытулку

Падзяліцца: