Мінск 09:13

Група ўкраінскіх цывільных ледзь не падарвалася на мінах, прабіраючыся ў Беларусь

Скрыншот: відэаматэрыял ДПСУ

6 верасня, Позірк. Група “ўкраінскіх мужчын прызыўнога ўзросту” ледзь не падарвалася на мінах, спрабуючы незаконна перасекчы мяжу з Беларуссю, паведаміў 6 верасня тэлеграм-канал Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ).

Адзначаецца, што ўкраінскія памежнікі, спыніўшы іх, “не толькі не дапусцілі парушэння мяжы, але і выратавалі жыцці людзей, што, зрэшты, не вызваліла затрыманых ад адказнасці”.

На відэазапісе, апублікаваным ДПСУ, відаць не менш за пяць чалавек.

Працягласць мяжы паміж Беларуссю і Украінай складае 1.084,2 км, з іх 758,3 км на сухапутным участку, 325,9 км — па рэках Днепр, Сож і Прыпяць, каля 120 км — у зоне адчужэння каля Чарнобыльскай АЭС.

4 верасня стала вядома, што 50-метровую паласу ўздоўж мяжы з Беларуссю плануецца выключыць з зоны адчужэння ЧАЭС і перадаць у пастаяннае карыстанне ДПСУ.

Украінскія ўлады і вайскоўцы неаднаразова заяўлялі пра мінаванне тэрыторыі ўздоўж мяжы з Беларуссю, збудаванне ліній абароны.

Паводле даных беларускай пагранслужбы, з 94.056 грамадзян Украіны, якія ўехалі ў Беларусь з пачатку гэтага года, непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу накіраваліся толькі 36 чалавек.

Падзяліцца: