Мінск 06:52

Беларусь і Мексіка маюць патэнцыял для палітычнай і эканамічнай супрацы, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: Alexander Schimmeck / unsplash.com

16 верасня, Позірк. Мінск і Мехіка маюць перспектывы для ўсебаковай супрацы, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 16 верасня прэзідэнта Мексікі Клаўдзію Шэйнбаўм Парда з Днём незалежнасці.

На думку віншавальніка, якую прыводзіць яго прэс-служба, “устойлівае развіццё” Мексікі, а таксама “рост яе ўплыву на міжнароднай арэне” грунтуюцца на блізкіх Беларусі прынцыпах — “незалежнасці, роўнасці, справядлівасці, павагі, імкнення да мірнага суіснавання”.

Лукашэнка лічыць, што “краіны маюць значны патэнцыял для ўзмацнення палітычнага дыялогу і пашырэння канструктыўнай супрацы ў гандлёва-эканамічнай і іншых сферах”.

Віншуючы 4 чэрвеня Шэйнбаўм Парда з абраннем на пасаду прэзідэнта, ён “пацвердзіў зацікаўленасць” Мінска “ў наданні большай дынамікі беларуска-мексіканскаму ўзаемадзеянню”. На думку Лукашэнкі, “сумеснымі намаганнямі” краіны змогуць “рэалізаваць існуючы значны патэнцыял супрацы”.

Клаўдыя Шэйнбаўм Парда была мэрам Мехіка. Стала першай жанчынай — прэзідэнтам Мексікі па выніках выбараў кіраўніка дзяржавы 2 чэрвеня. У той жа дзень грамадзяне краіны абіралі дэпутатаў парламента, кіраўнікоў рэгіёнаў і службоўцаў мясцовага ўзроўня.

Перадвыбарная гонка суправаджалася высокім узроўнем гвалту. Падчас электаральнай кампаніі забіта мінімум 37 кандыдатаў на розныя пасады.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Мексікай усталяваныя ў студзені 1992 года.

У 2016 годзе ў Мінску адкрылася ганаровае консульства Мексікі.

Падзяліцца: