Мінск 18:01

Вярхоўны суд ліквідаваў партыю “Справядлівы свет”

29 верасня, Позірк. Вярхоўны суд 29 верасня ліквідаваў Беларускую партыю левых “Справядлівы свет”. Пра гэта “Позірку” стала вядома ад інфармаваных крыніц.

На думку сябраў ліквідаванай арганізацыі, з гэтага моманту ў Беларусі “больш няма партый” з “адрозным ад дзейнай улады поглядам на становішча спраў у краіне”, якія “прапануюць грамадству альтэрнатыўныя варыянты палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы”.

Паводле інфармацыі “Позірку”, найбліжэйшым часам сябры “Справядлівага свету” зоймуцца “стварэннем новай палітычнай партыі”, якая будзе выступаць за “дэмакратычны і сацыялістычны шлях развіцця дзяржавы і грамадства”.

2 чэрвеня партыя падала дакументы на перарэгістрацыю без спісу сябраў — з меркаванняў бяспекі, 30 чэрвеня Мінюст ёй у гэтым адмовіў. 26 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць “Справядлівы свет”.

Сёлета ўлетку і ўвосені былі скасаваныя яшчэ дзесяць палітычных структур: Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”.

Напачатку верасня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Перарэгістраваныя праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Акрамя таго, зарэгістраваная максімальна лаяльная Аляксандру Лукашэнку партыя “Белая Русь”.

Напрыканцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які пастрожыў патрабаванні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністр юстыцыі Сяргей Хаменка спрагназаваў, што колькасць партый пасля перарэгістрацыі паменшыцца да “трох-чатырох”.

Падзяліцца: