Ад пачатку года ў Брэсцкай вобласці на выязных пасяджэннях разгледжана 43 справы аб крадзяжах і хабарах

1 кастрычніка, Позірк. Ад пачатку 2026 года ў Брэсцкай вобласці на выязных судовых пасяджэннях разгледжана 43 крымінальныя справы аб “прысваенні даверанай маёмасці”, “здзяйсненні службовых падлогаў”, “атрыманні незаконных узнагароджанняў пры правядзенні закупак для патрэбаў прадпрыемстваў АПК”, паведамляе Генеральная пракуратура са спасылкай на службу інфармацыі абласной пракуратуры.
Як адзначае ведамства, такія пасяджэнні праводзяцца “з запрашэннем прадстаўнікоў працоўных калектываў”.
Прыводзіцца шэраг прыкладаў. Адна справа тычылася сужэнцаў — брыгадзіра і трактарыста-машыніста, якія працуюць на адным сельскагаспадарчым прадпрыемстве ў Камянецкім раёне. Яны былі абвінавачаныя ў “замаху на прысваенне маёмасці групай асоб”.
Высветлілася, што брыгадзір папрасіла мужа адвезці з фермы да іх дадому 14 мяшкоў камбікорму агульным коштам больш за 570 рублёў. 5 чэрвеня яна перадала яму ключы ад службовага аўтамабіля, на якім той меўся забраць камбікорм. У сужэнцаў не атрымалася давесці задуманае да канца — на выездзе з тэрыторыі фермы мужчыну спыніў “спецыяліст эканамічнай бяспекі юрыдычнай асобы”.
На судзе брыгадзір і трактарыст “цалкам прызналі віну, выказаўшы шчырае раскаянне”. Паводле ч. 1 арт. 14, ч. 2 арт. 211 КК быў вынесены прыгавор — 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Акрамя таго, быў прызначаны штраф — 100 базавых велічынь (4.500 тыс. рублёў). Права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю не пазбаўлялі.
Іншы выпадак звязаны з 46-гадовым жыхаром Івацэвіцкага раёна — трактарыстам-машыністам сельгасарганізацыі, які быў абвінавачаны ў “прысваенні маёмасці”. Суд палічыў даказаным тое, што з траўня па чэрвень пасля выканання палявых работ ён зліў з замацаванага за ім трактара каля 280 л дызельнага паліва, чым нанёс прадпрыемству шкоду на 660 рублёў.
Раённы суд прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 арт. 211 КК і прыгаварыў яго да 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Дадаткова трактарыст аштрафаваны на 30 базавых велічынь (1.350 рублёў). Акрамя таго, на карысць дзяржавы канфіскаваны ровар, на якім мужчына перавозіў скрадзенае паліва.
Адзначаецца, што прыгаворы не набылі моц і могуць быць абскарджаныя і апратэставаныя.
Як паведамляў “Позірк”, у ліпені суд Крычаўскага раёна прыгаварыў галоўнага заатэхніка — брыгадзіра сельскагаспадарчай арганізацыі — да 3 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады, прызнаўшы вінаватай у “крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі”. У 2024–2025 гадах жанчына афармляла фіктыўныя дагаворы падраду на імя мужа і брата, якія ў той час знаходзіліся па-за межамі Беларусі, а пасля падпісвала акты пра нібыта выкананыя імі работы. Налічаныя грошы яна атрымлівала ў касе прадпрыемства і здымала з банкаўскіх картак сваякоў. Такім спосабам было скрадзена больш за 10 тыс. рублёў.
У чэрвені ў Гродзенскай вобласці было распачата сем крымінальных спраў пасля выяўлення ўтойвання ўцечкі 330 тон карбамідна-аміячнай сумесі. Паводле даных МУС, намеснік кіраўніка аднаго з буйных холдынгаў і дырэктар падведамнай арганізацыі ўступілі ў змову са службовымі асобамі чатырох гаспадарак Лідскага раёна. Паводле фіктыўных дакументаў зніклыя ўгнаенні ставіліся на ўлік і спісваліся як унесеныя на палі. Шкода прадпрыемстваў склала 270 тыс. рублёў. Справы былі распачатыя паводле артыкулаў аб злоўжыванні і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

- Палітыка
- ЭканомікаПрацэнтныя стаўкі па крэдытах працягнулі зніжэнне пасля месячнага перапынку — аналіз даных НацбанкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла чацвёртае месца на тэрыторыі былога СССР па росце афіцыйнага курсу долара ў студзені–верасні 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


