Мінск 19:12

Казахстан разглядае магчымасць павялічыць экспарт харчавання ў Беларусь

Ілюстрацыя: freepik.com

1 кастрычніка, Позірк. Прэм’ер-міністр Казахстана Алжас Бекценаў з афіцыйным двухдзённым візітам наведвае Мінск. Прыезд кіраўніка ўрада ў беларускую сталіцу сумешчаны з удзелам у працы Еўразійскага міжурадавага савета.

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам галоўнай тэмай стала эканамічнае ўзаемадзеянне краін, паведамляе сайт казахстанскага прэм’ер-міністра. Адзначаецца, што тавараабарот паміж Казахстанам і Беларуссю за сем месяцаў 2026 года вырас на 16% і дасягнуў 723 млн долараў ЗША. Па выніках 2025 года гэты паказчык склаў каля 1,2 млрд долараў.

Як вынікае з відэазапісу ў неафіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Лукашэнкі “Пул Першага”, ён не адышоў ад сваёй традыцыі апошніх гадоў прапанаваць візіцёру самому вызначыць, што яму цікава ў Беларусі: “І калі ваш позірк зачэпіць нешта ў Беларусі ў плане машынабудавання <…>, у галіне развіцця сельскай гаспадаркі, высокіх тэхналогій і іншых пытанняў, закрытых тэм няма, мы з задавальненнем будзем з вамі працаваць”.

Бекценаў і прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у рамках міжурадавых перамоваў абмеркавалі пашырэнне паставак і прамысловай кааперацыі. Турчын прапанаваў, у прыватнасці, больш актыўна развіваць узаемны гандаль прамысловымі таварамі.

Казахстан разглядае магчымасць павелічэння экспарту ў Беларусь харчавання, транспартных сродкаў, металаў, прадукцыі хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, тэкстылю і машынабудавання. Рэалізавана 13 сумесных прамысловых праектаў на суму больш за 200 млн долараў. У Казахстане лакалізавана вытворчасць трактароў “Беларус”, камбайнаў “Гомсельмаш”, аўтамабіляў і іншай тэхнікі.

Плануецца павялічыць пастаўкі ў Беларусь сланечнікавага, сафлоравага і рапсавага алею, іншай бакалейнай прадукцыі.

Аб’ём чыгуначных перавозак паміж краінамі за сем месяцаў 2026 года вырас на 18,7%, да 4,8 млн тон. Бакі абмеркавалі развіццё існуючых і новых маршрутаў, экспарт казахстанскіх лічбавых рашэнняў, супрацоўніцтва ў сферах турызму і культуры. Турчын асобна адзначыў, што ў 2027 годзе пройдуць дні культуры Беларусі ў Казахстане.

Кастанайская і Гродзенская вобласці склалі план мерапрыемстваў на 2027–2029 гады, Паўладарская вобласць падпісала планы супрацоўніцтва з Мінскай і Гомельскай абласцямі на 2026–2028 гады.

Падзяліцца: