Мінск 00:50

Рыжанкоў назваў вызваленне палітвязняў “пэўным раздражняльнікам” і “мінімальнымі выдаткамі” ў стасунках з ЗША

Максім Рыжанкоў
Архіўны відэазапіс: медыяслужба ААН / стоп-кадр: "Позірк"

1 кастрычніка, Позірк. Беларусь разлічвае на нармалізацыю стасункаў з ЗША і ўзаемную павагу інтарэсаў бакоў. Пры гэтым Мінск чакае, што Вашынгтон не будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы краіны, а супрацоўніцтва будзе развівацца на раўнапраўнай аснове, у тым ліку ў палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у інтэрв’ю расійскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАСС.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што ў стасунках дзвюх краін застаюцца “пэўныя раздражняльнікі”. Адным з іх Рыжанкоў назваў вызваленне зняволеных у рамках перамоваў з ЗША. Паводле яго слоў, Беларусь разглядае гэтыя рашэнні як “мінімальныя выдаткі”, звязаныя з урэгуляваннем больш сур’ёзных эканамічных пытанняў.

Міністр заявіў, што частка вызваленых, у тым ліку некаторыя ўдзельнікі пратэстаў 2020 года, нібыта ўжо “пераасэнсавала свае паводзіны” або адбыла значную частку пакарання і разумее, што “лепш не трапляць туды зноў”. Таму “прэзідэнт, увогуле-то, не пярэчыць у пэўнай ступені” супраць спробаў ЗША “пакрысе выцягнуць” зняволеных.

Рыжанкоў таксама заявіў пра гатоўнасць Беларусі аднавіць з дзяржавамі НАТО ваенныя каналы сувязі і механізмы ўзаемнага апавяшчэння, калі краіны альянсу праявяць сустрэчную зацікаўленасць.

Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра меры верыфікацыі, ранняга папярэджання і транспарэнтнасці ў вайсковай сферы. Паводле слоў міністра, аднаўленне такіх механізмаў магло б знізіць рызыку ваенных інцыдэнтаў і павысіць прадказальнасць дзеянняў бакоў.

Асобна Рыжанкоў закрануў пастаўкі калійных угнаенняў. Ён заявіў, што Беларусь гатовая прадаваць прадукцыю ўсім зацікаўленым краінам, аднак пры прыняцці рашэнняў улічвае інтарэсы найбліжэйшых саюзнікаў і плацежаздольнасць пакупнікоў.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, Мінск не мае намеру рабіць крокі на шкоду саюзніцкім стасункам. Міністр адзначыў, што сродкі ад амерыканскіх кампаній за пастаўлены да 2020 года калій да гэтага часу замарожаныя.

Асобным кірункам супрацы з Расіяй Рыжанкоў назваў распрацоўку ўласнага праграмнага забеспячэння.

Як адзначыў чыноўнік, санкцыйныя абмежаванні паказалі рызыкі залежнасці ад замежных тэхналогій: адключэнне праграмных рашэнняў можа закрануць ахову здароўя, адукацыю, камунальныя службы і бяспеку крытычна важных аб’ектаў.

У сувязі з гэтым Беларусь і Расія зацікаўленыя ў стварэнні ўласных тэхналогій і забеспячэнні тэхналагічнай незалежнасці, заявіў Рыжанкоў.

Ён таксама заклікаў ААН хутчэй рэагаваць на новыя глабальныя выклікі: арганізацыя павінна абнаўляць свае інструменты і напрамкі працы з улікам сучасных рэалій, у тым ліку развіцця штучнага інтэлекту.

Міністр лічыць, што міжнародныя інстытуты павінны надаваць больш увагі праблемам, якія ўзнікаюць у выніку тэхналагічных і сацыяльных зменаў.

Гаворачы пра Нью-Ёрк, які ён наведаў для ўдзелу ў 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, Рыжанкоў параўнаў яго з Масквой, аднак расійскую сталіцу назваў больш прывабнай, дзякуючы яе атмасферы і “славянскаму духу”.

Падзяліцца: