Мінск 09:00

Прэм’ер-міністр Славакіі віншаваў з юбілеем Лукашэнку, якога ЕС не лічыць законным прэзідэнтам

Фота: фэйсбук-акаўнт Роберта Фіца

16 верасня, Позірк. Прэм’ер-міністр Славакіі Роберт Фіца, які выступае за супрацоўніцтва з Расіяй і Беларуссю, віншаваў з 70-годдзем Аляксандра Лукашэнку (30 жніўня), які ў сваю чаргу павіншаваў яго з 60-годдзем (15 верасня).

“Выказваю словы падзякі за добрыя пажаданні з нагоды майго юбілею і ў сваю чаргу сардэчна віншую вас з 60-годдзем. (…) Буду рады вітаць вас на беларускай зямлі”, — гаворыцца ў віншаванні ад імя Лукашэнкі.

У кастрычніку 2023 года Фіца пасля перамогі яго левацэнтрысцкай партыі “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на пазачарговых парламенцкіх выбарах трэці раз узначаліў урад Славакіі. Раней займаў пасаду прэм’ер-міністра ў 2006—2010 і 2012—2018 гадах.

Сёлета ў студзені Міністэрства культуры Славакіі скасавала забарону на кантакты і культурнае супрацоўніцтва з Беларуссю і Расіяй, уведзеную ў сакавіку 2022 года праз уварванне расійскіх войскаў ва Украіну і падтрымку Мінскам агрэсіі Крамля. Фіца публічна апраўдваў рашэнне Уладзіміра Пуціна пачаць поўнамаштабную вайну супраць Украіны і выказваўся супраць надання Кіеву вайсковай дапамогі.

У лютым амбасадар Беларусі ў Аўстрыі Андрэй Дапкюнас сустрэўся ў Браціславе з віцэ-спікерамі парламента Славакіі Любашам Благай і Андрэем Данка. Па выніках перамоў ён назваў славацкіх палітыкаў “шчырымі сябрамі Беларусі, якія заўсёды выступаюць у інтарэсах сапраўднага сяброўства паміж народамі і абараняюць нацыянальныя інтарэсы сваіх краін”, паведамляў тэлеграм-канал беларускага знешнепалітычнага ведамства “Голас МЗС”. Пры гэтым Славакію як члена ЕС улады ў Менску залічваюць у “недружалюбныя краіны”.

У красавіку амбасадары Беларусі і Расіі былі запрошаныя на цырымонію ўскладання вянкоў з нагоды 79-й гадавіны вызвалення Браціславы ад гітлераўцаў. У сувязі з гэтым амбасадары краін Еўразвязу ў Славакіі адмовіліся ўдзельнічаць у мерапрыемстве. ЕС не прызнае Лукашэнку законна абраным прэзідэнтам.

У жніўні на запрашэнне Фіца беларуская дэлегацыя брала ўдзел у святкаванні 80-годдзя Славацкага нацыянальнага паўстання.

Лукашэнка сустракаўся з Фіца ў Мінску ў лістападзе 2016 года, калі Славакія старшынствавала ў Еўрасаюзе, і выказаў яму падзяку за “нармалізацыю стасункаў Беларусі і ЕС”. “Роберт Фіца выказаў шмат добрых слоў пра Беларусь, якая, на яго думку, адрозніваецца стабільным і дынамічным развіццём”, — сцвярджала тады прэс-служба Лукашэнкі.

Гл. таксама:

Паводле слоў Пазьняка, Лукашэнка павіншаваў яго з 80-годдзем

Падзяліцца: