Мінск 10:28

Беларускія танкісты адправіліся ў Расію пераймаць вопыт вайны ў “прамых удзельнікаў СВА”

Фота: Мінабароны

20 верасня, Позірк. Вайскоўцы аднаго з танкавых падраздзяленняў Узброеных сід адправіліся ў Ніжагародскую вобласць (РФ), дзе на палігоне Муліна пройдуць курс сумеснай падрыхтоўкі з расійскімі вайскоўцамі, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

“Інтэнсіўную падрыхтоўку на базе вучэбна-баявога цэнтра беларускія танкісты будуць праходзіць на працягу месяца”, — адзначае ведамства.

“У нашых калег мы будзем пераймаць вопыт вядзення баявых дзеянняў. Гэта агнявая падрыхтоўка, тактычная падрыхтоўка, кіраванне ў складаных умовах мясцовасці. З улікам таго, што адбываецца ў свеце і асабліва вакол Рэспублікі Беларусь, падрыхтоўка з прамымі ўдзельнікамі СВА вельмі актуальная для нашых падраздзяленняў”, — цытуе Мінабароны камандзіра батальёна, адпраўленага на навучанне (прозвішча вайскоўца не называецца).

“З пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі на Украіне дзеянні танкавых падраздзяленняў і іх тактыка сур’ёзна змяніліся”, — заявіў начальнік бранятанкавага ўпраўлення Мінабароны Віталь Кільчэўскі ў інтэрв’ю праграме “Арсенал” на тэлеканале “Беларусь 1” 8 верасня.

Паводле яго слоў, танкі “адведзеныя ад лініі баявога судакранання і ў асноўным вядуць агнявое ўздзеянне на праціўніка з закрытых агнявых пазіцый”.

Танк “застаўся той баявой сілай, якой быў увесь час, аднак яго аблічча значна змянілася”, сказаў Кільчэўскі.

Прадстаўнік ведамства паведаміў аб мадэрнізацыі танкавага парку беларускай арміі, у тым ліку з прымяненнем “мер абароны” ад беспілотных лятальных апаратаў.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння адносін з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Тэрмінам “спецыяльная вайсковая аперацыя (СВА)” расійскія і беларускія ўлады называюць поўнамаштабную вайну, якая вядзецца РФ супраць з 24 лютага 2022 года.

Падзяліцца: