Мінск 22:39

Ціханоўская пра візіт кіраўніка “днр”: У Лукашэнкі не засталося саюзнікаў, акрамя тыранаў і ўзурпатараў

23 верасня, Позірк. “Няма нічога дзіўнага ў тым, што пуцінскі марыянетачны дыктатар у Беларусі сустракаецца з іншым марыянеткавым лідарам з Данецка”, — такім чынам дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская пракаментавала візіт кіраўніка так званай “данецкай народнай рэспублікі” Дзяніса Пушыліна.

“Мы ведаем, што ў яго (Аляксандра Лукашэнкі. – “Позірк”.) не засталося саюзнікаў, акрамя тыранаў і ўзурпатараў. Але няхай усім будзе зразумела — ён не прадстаўляе наш народ. Беларусы стаяць на баку Украіны да пераможнага канца”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Лукашэнка і Пушылін сустракаліся ў Мінску 19 верасня. Гаспадар сустрэчы даў зразумець, што Беларусь супрацоўнічала з Данецкай вобласцю Украіны, рабіла гэта пасля абвяшчэння “днр”, гатовая працягваць супрацу зараз, калі дэ-факта частка адпаведнага ўкраінскага рэгіёна акупаваная Расіяй.

Лукашэнка дадаў, што гатовы супрацоўнічаць з Украінай “на тых жа прынцыпах”, што і з “днр”.

22 верасня Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з заявай, у якой “рашуча асудзіла” сустрэчу Лукашэнкі з Пушыліным, назваўшы яе “чарговай праявай грэбавання Рэспублікі Беларусь да суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны”.

Адпаведная пазіцыя “цяперашніх уладаў Беларусі”, на думку МЗС Украіны, “прадыктаваная выключна ўказаннямі Крамля і не мае нічога агульнага ні з міжнародным правам, ані з міжнароднымі абавязацельствамі” Мінска.

“Украіна адрынае крывадушную рыторыку Аляксандра Лукашэнкі адносна прынцыпаў супрацы з часова акупаванымі тэрыторыямі Украіны і лічыць яе чарговым сведчаннем падтрымкі захопніцкай вайны супраць нашай дзяржавы”, — заявіла знешнепалітычнае ведамства, падкрэсліўшы, што яго “недружалюбныя дзеянні” “не могуць застацца без належнага рэагавання і будуць мець негатыўныя наступствы для ўкраінска-беларускіх стасункаў”.

27 ліпеня 2022 года Пушылін наведваў Брэсцкую вобласць.

18 красавіка 2023 года ў Мінску адбылася яго сустрэча з Лукашэнкам. На наступны дзень МЗС Украіны асудзіла гэтую сустрэчу і адклікала амбасадара Ігара Кізіма для кансультацый. У беларускую сталіцу ён не вярнуўся (цяпер займае пасаду амбасадара па асаблівых даручэннях МЗС па Беларусі).

15 чэрвеня таго ж года тагачасны амбасадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты (цяпер кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі) падпісаў з Пушыліным “пагадненне аб пашырэнні партнёрства”.

У жніўні 2023 года Беларусь наведвала дэлегацыя “днр”.

26 траўня 2024-га Пушылін у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” заявіў, што ўзаемадзеянне “днр” з Беларуссю “ўжо не спыніць”.

Падзяліцца: