Мінск 18:07

Сергеенка, які заклікаў не скажаць гісторыю лічыць, што Магілёўшчыну абаранялі ад нацыстаў ужо ў 1939 годзе

Архіўнае фота: БелТА

23 верасня, Позірк. Беларусь і РФ сёння “сутыкнуліся з рэальнымі выклікамі”, якія “нясуць пагрозу самому іх існаванню”, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ігар Сяргеенка, на пасяджэнні Савета Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі 23 верасня ў Магілёве.

Згодна з відэазапісам выступлення, распаўсюджаным прэс-службай ніжняй палаты парламента, прывітаўшы гасцей на “гасціннай і гераічнай Магілёўшчыне”, Сяргеенка заявіў: “85 гадоў таму нашы продкі абаранялі гэтую зямлю ад нацысцкіх полчышчаў даўжэй, чым сваю тэрыторыю асобныя еўрапейскія краіны, якія сёння хутка здаліся у палон ідэолагам неакаланіялізму і міжнароднага дыктату”.

Сённяшняя сітуацыя ў свеце, на яго думку, “шмат у чым падобная”.

Сяргеенка назваў задачай парламентарыяў дзвюх краін “усялякае садзейнічанне ўмацаванню пазіцый Саюзнай дзяржавы”

Паводле інфармацыі дзяржСМІ, пасля заканчэння пасяджэння ён заявіў, што ва ўмовах сучасных выклікаў і пагроз асабліва важна не дапусціць скажэння гісторыі, яе фальсіфікацыі. Ён анансаваў правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, у тым ліку форум па абароне гістарычнай памяці пад эгідай Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

17 верасня ў Беларусі трэці год запар адзначалася афіцыйнае свята Дзень народнага адзінства, устаноўленае ў гонар уводу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Украіны ў складзе Польшчы ў адпаведнасці з пактам Молатава-Рыбентропа 17 верасня 1939 года — 85 гадоў таму.

22 чэрвеня 1941 гады Нямеччына парушыла пакт, напаўшы на Савецкі Саюз. Тады ж, 83 гады таму, і адбыліся першыя баі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Падзяліцца: