Мінск 01:14

Мінскае ўпраўленне МНС адпрацуе “парадак пераводу сіл і сродкаў на ваенны час”

Крыніца: прэс-служба МНС

24 верасня, Позірк. Парадак пераводу сіл і сродкаў Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з мірнага на ваенны час будзе адпрацаваны ў рамках вучэнняў 25–26 верасня, паведамляе прэс-служба МНС.

Разам са службамі грамадзянскай абароны будзе праверана “рэальнасць выканання запланаваных мерапрыемстваў па рэсурснаму забеспячэнню органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях ва ўмовах ваеннага часу”, а таксама ацэнена “ступень гатоўнасці арганізацый па рэсурсным забеспячэнні”.

Адзначаецца, што “падчас трэніроўкі сілы і сродкі Партызанскага раённага звяна Мінскай гарадской падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны адпрацуюць уводную да задачы па рэагаванні на наступствы неспрыяльных (небяспечных) гідраметэаралагічных з’яў”.

Такія вучэнні, лічаць у ведамстве, “дапамогуць палепшыць парадак дзеянняў па рэагаванні на ўсе няштатныя сітуацыі, якія могуць узнікнуць як у мірны, так і ў ваенны час, ацаніць ступень гатоўнасці ўсіх зацікаўленых службаў горада і выявіць існыя недахопы”.

Сёлета напрыканцы траўня супрацоўнікі МНС адпрацоўвалі “навыкі рэсурснага забеспячэння пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада ва ўмовах ваеннага часу” на вучэннях у Гомельскай вобласці.

Асноўная мэта вучэнняў, як паведамляла прэс-служба Гомельскага аблвыканкама, заключалася ў праверцы “рэальнасці выканання спланаваных мерапрыемстваў” па забеспячэнні “органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях”, а таксама набыццё практычных навыкаў па “забеспячэнні ўстойлівага функцыянавання ў асаблівых абставінах”.

29 траўня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў распарадзіўся правесці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі тактыка-спецыяльныя вучэнні па праверцы гатоўнасці дзяржорганаў да “рэагавання і ўзаемадзеяння ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі”.

Адпаведны загад ён аддаў пасля завяршэння такіх вучэнняў на тэрыторыі сталічнага спарткомплексу “Чыжоўка-Арэна”.

Паведамлялася, што ўмовы трэніроўкі, якую ГУУС Мінгарвыканкама правяло сумесна з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і “іншымі дзяржаўнымі органамі”, былі “максімальна набліжаныя да рэальных”. Сілавікі адпрацавалі алгарытмы рэагавання на “выяўленне на пункце пропуску крыніцы радыеактыўнага выпраменьвання, спробу прарыву КПП, пагрозу тэракту з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі і беспілотніка, захоп закладнікаў”.

Падзяліцца: