Мінск 02:20

Літва шмат гадоў “сутыкаецца са страшнай пагрозай” з боку РФ і Беларусі — міністр абароны ФРГ

Фота: bundesregierung.de

26 верасня, Позірк. Мэтай Крамля з’яўляецца “падрыў адзінства і свабоды заходняга свету”, заявіў міністр абароны Германіі Барыс Пісторыюс 26 верасня ў Сейме Літвы.

Паводле яго слоў, піша Delfi, “пераследуючы свае імперскія мэты па аднаўленні гегемоніі Расіі над большай часткай Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, расійскае кіраўніцтва не праяўляе нічога, акрамя пагарды да міжнароднага права і заснаванага на правілах міжнароднага парадку”.

Сённяшняй мэтай Масквы ён назваў “імклівае нарошчванне вытворчасці ўзбраенняў і ўмацаванне сваіх узброеных сіл”.

“Усё гэта не пакідае сумневаў: для пуцінскай Расіі Украіна — гэта толькі пачатак. Ужо сёння Расія спрабуе выкарыстоўваць гібрыдныя сродкі, каб падарваць адзінства нашых таварыстваў, Еўрапейскага саюза і НАТО. Сапраўдны вораг Пуціна — давайце будзем сумленнымі — гэта наш свабодны і незалежны дэмакратычны лад жыцця. Ён гэтага баіцца”, — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.

У сувязі з гэтым, лічыць ён, Захад павінен дабіцца таго, каб Крэмль “не дасягнуў сваіх мэтаў” у вайне, у адваротным выпадку, “наступствы закрануць не толькі Украіны”.

“Вось чаму Германія з’яўляецца адным з самых рашучых прыхільнікаў дапамогі Украіне, — сказаў Пісторыюс. — Магу вас запэўніць: нашы намаганні будуць нястомныя. Гэта нашая нацыянальная цікавасць і асабіста для мяне гэта важнае пытанне. Але мне не трэба расказваць вам, як напад Расіі на Украіну павялічвае пагрозу еўрапейскай бяспецы. Вы ўжо шмат гадоў сутыкаецеся з прамой, страшнай пагрозай з боку Расіі і Беларусі“.

На яго думку, у ФРГ ведаюць, што значыць быць усходнім флангам: “Для многіх з нас НАТО не было абстрактным паняццем, гэта быў шчыт, які бараніў нашу свабоду. Мы з глыбокай падзякай успамінаем часы, калі мы маглі разлічваць на нашых дакладных саюзнікаў. Я памятаю, як гэтыя саюзнікі сталі сябрамі — сябрамі, якія былі гатовы абараніць нашу тэрытарыяльную цэласнасць і агульную свабоду”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. З пачатку ўварвання, а таксама ў асобныя перыяды пазней, тэрыторыя Беларусі актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызвалены.

11 красавіка 2023 года першы намеснік міністра абароны Украіны Аляксандр Паўлюк заявіў, што ў пачатку вайны 70 тыс. вайскоўцаў 35-й агульнавайсковай арміі РФ на 7 тыс. бронемашын “з беларускай мяжы ўварваліся” на тэрыторыю Кіеўскай вобласці.

Сярод іншага за саўдзел у расійскай агрэсіі заходнія краіны ўвялі санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і многіх прадпрыемстваў краіны.

Падзяліцца: