Мінск 22:39

Літва плануе яшчэ больш скараціць транспартныя патокі праз мяжу з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: Служба аховы дзяржмяжы Літвы

30 верасня, Позірк. Рызыкі, звязаныя з “варожай дзейнасцю Расіі і Беларусі, скіраванай супраць літоўскай дзяржавы і яе грамадзян”, падрабязна ацэненыя 30 верасня на пасяджэнні Нацыянальнай камісіі па бяспецы Літвы, паведамляе прэс-служба ўрада гэтай балтыйскай дзяржавы.

Адзначаецца, што “рашэнні, якія набылі моц у сакавіку (закрыццё пунктаў пропуску Лаварышкес і Райгардас на літоўска-беларускай мяжы. — “Позірк”.), значна скарацілі колькасць выпадкаў перасячэння мяжы і транспартныя патокі”. Разам з тым на пасяджэнні камісіі “абмяркоўваліся дадатковыя захады па іх скарачэнні”, розныя дзяржорганам рэкамендавана прадставіць ураду адпаведныя прапановы.

На фоне інцыдэнтаў, звязаных з затрыманнем грамадзян Літвы ў Беларусі, удзельнікі пасяджэння ў чарговы раз “нагадалі пра дакладную рэкамендацыю, якая дзейнічае ўжо тры гады, не ездзіць у гэтую краіну праз падвышаную рызыку затрыманняў або спробаў уцягвання ў супрацоўніцтва з рэжымнымі службамі”.

Шэрагу міністэрстваў — транспарту, унутраных спраў, абароны — даручана прадставіць сумесныя прапановы па праблеме метэазондаў, “з дапамогай якіх у Літву спрабуюць перакінуць кантрабанду”.

Акрамя таго, абмяркоўвалася “далейшае ўкараненне контрмабільных захадаў на знешняй мяжы Літвы, а значыць і Еўрапейскага саюза”.

“Улічваючы розныя актыўныя аперацыі, якія праводзяцца ў розных еўрапейскіх краінах, што цвёрда падтрымліваюць Украіну ў барацьбе супраць [расейскай] агрэсіі, мэтай якіх з’яўляецца зніжэнне падтрымкі Украіны з боку грамадства і палітыкаў, абмяркоўвалася неабходнасць прапанаваць змены ў заканадаўства, якія пастрожваюць адказнасць за арганізацыю такіх аперацый або саўдзел у іх, а таксама іншыя магчымыя меры рэагавання на гэтыя дзеянні і намеры”, — гаворыцца ў паведамленні.

8 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га — Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай і Шальчынінкай.

Дзяржпагранкамітэт Беларусі рэгулярна паведамляе пра чаргі транспартных сродкаў на выезде ў бок Літвы.

Падзяліцца: