Мінск 17:56

ПП НС у першым чытанні падтрымала наданне дзіцячым дамам пры манастырах статуса адукацыйнай установы

Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску, які падтрымлівае агрэсію РФ ва Украіне
Архіўнае фота: sb.by

2 кастрычніка, Позірк. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) 2 кастрычніка прынялі ў першым чытанні законапраект “Аб змене законаў па пытаннях адукацыі”, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты парламента.

Сярод іншага папраўкі прадугледжваюць укараненне новага віду сацыяльна-педагагічнай установы — “дзіцячы дом пры манастыры”.

Згодна з Кодэксам аб адукацыі, сацыяльна-педагагічныай лічыцца ўстанова адукацыі, якія “рэалізуе праграму выхавання і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі, адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Стварэнне дзіцячых дамоў пры манастырах стала магчымым пасля прыняцця ў 2023 годзе і падпісання Аляксандрам Лукашэнкам у пачатку 2024-га закона “Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці рэлігійных арганізацый”.

Паводле інфармацыі прэс-службы ПП НС, законапраектам “Аб змяненні законаў па пытаннях адукацыі” прапануецца таксама замацаваць патрабаванні да навучэнцаў школ насіць адзенне дзелавога стылю, выключыць магчымасць рэалізацыі індывідуальнымі прадпрымальнікамі адукацыйных праграм дашкольнай і спецыяльнай адукацыі.

Эксперт Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) юрыст-міжнароднік Кацярына Дэйкала 27 верасня на анлайн-прэзентацыі падрыхтаванага арганізацыяй агляду “Правы чалавека ў Беларусі: асноўныя трэнды дзяржаўнай палітыкі. Травень — жнівень 2024 года” адзначыла, што з’яўленне дзіцячых дамоў пры манастырах “стварае дадатковую ўразлівасць для дзяцей, якія і так цалкам залежаць ад дзяржавы і максімальна ўразлівыя”.

Пры гэтым, паводле яе слоў, улады прызнаюць, што гэтая практыка запазычаная ў Расіі, дзе праваслаўная царква “іграе вялікую ролю ў дзяржаўнай ідэалогіі, ідэалогіі “рускага свету” і прапагандзе (у тым ліку ваеннай)”.

Такія дзіцячыя дамы, упэўненыя ў БХК, “відавочна стануць інструментамі максімальнай індактрынацыі найбольш уразлівых груп дзяцей — дзяцей, якія знаходзяцца ў поўнай залежнасці ад дзяржавы”.

Асноўныя палажэнні актуальнага Кодэкса аб адукацыі пачалі дзейнічаць з 1 верасня 2022 года. Сярод уведзеных тады навацый былі абавязковая агульная сярэдняя адукацыя (11 гадоў) замест агульнай базавай (9 гадоў). Новы кодэкс даў магчымасць падлеткам, якія знаходзяцца ў СІЗА, працягваць навучанне. Папярэдняя рэдакцыя дакумента набыла моц 1 верасня 2011 года.

Пасля падзей 2020 года рэпрэсіі закранулі ў тым ліку сферы навукі і адукацыі. Пераслед зазналі студэнты, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці, навукоўцы; многія былі адлічаныя або звольненыя, пазбаўленыя волі, вымушана пакінулі краіну. Ва ўніверсітэтах з’явіліся прарэктары па бяспецы і кадрах, якія фактычна адказваюць за палітычную лаяльнасць у ВНУ. У школах сталі масава ствараць “класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці”. Не працягнулі ліцэнзіі большасці прыватных школ і дзіцячых садоў, спыняюць працу нешматлікія недзяржаўныя ВНУ.

Падзяліцца: