Мінск 20:09

Беларускі біскуп Яшэўскі ў Ватыкане сустрэўся з папам Францішкам

Фота: старонка Яшэўскага ў "Інстаграме"

5 кастрычніка, Позірк. Сустрэча дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага з папам рымскім Францішкам адбылася ў Ватыкане.

“Паразмаўляў сёння са Святым Айцом Францішкам”, — каротка адзначыў беларускі іерарх 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў “Інстаграме”, суправадзіўшы паведамленне сумесным фатаздымкам.

Яшэўскі прадстаўляе каталіцкі касцёл у Беларусі на другой сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі сіноду біскупаў, якая праходзіць з 2 кастрычніка.

Сутнасць размовы невядомая. Зала друку Святога Пасаду пра асабістую сустрэчу не паведамляе, не згадвае пра яе і афіцыйны партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

19 верасня ў агульнай сустрэчы новапрызначаных біскупаў з пантыфікам браў удзел дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. На той сустрэчы беларускі іерарх запытаўся, што трэба зрабіць, каб спыніць вайну паміж Расіяй і Украінай. На гэта, паводле яго слоў, папа Францішак адказаў: “Вы ў Беларусі добра ведаеце, што ніколі нельга закрываць дзверы для перагавораў, што трэба трымаць іх адкрытымі”.

Пантыфік, паводле слоў Зноскі, таксама заявіў, што “ведае Беларусь”, прасіў “перадаць прывітанне прэзідэнту Лукашэнку” і заклікаў “ніколі не губляць надзею і верыць у пераможную моц малітвы”, бо “толькі такі шлях да міру” ён бачыць для вернікаў.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў каталіцкага касцёла працягваюцца.

Каталіцызм — другая паводле колькасці паслядоўнікаў хрысціянская канфесія ў Беларусі. У краіне каля 1,5 млн католікаў, у тым ліку больш за 10 тыс. грэка-каталікоў. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены трыма дыяцэзіямі — Гродзенскай, Віцебскай і Пінскай, а таксама Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй.

Падзяліцца: