Мінск 20:11

Ціханоўская: Настаўнікам у Беларусі даводзіцца ўзважваць кожнае слова, каб не апынуцца ў турме

Фота: прэс-служба Міністэрства адукацыі

6 кастрычніка, Позірк. Педагогам у Беларусі сёння “даводзіцца ўзважваць кожнае слова”, бо “нават праз цытату кагосьці з беларускіх класікаў, якія раптам сталі “экстрэмістамі”, можна апынуцца ў турме”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з нагоды Дня настаўніка, які адзначаецца ў першую нядзелю кастрычніка.

“Ідэалогія і палітыка запоўнілі школы — і гэты ціск не дае свабодна дыхаць і творча падыходзіць да працы. Настаўнікаў прымушаюць прыбіраць “нядобранадзейныя” фатаграфіі з кабінетаў замежнай мовы. Выклікаюць у КДБ за ўдзел у чаце ўзаемадапамогі і настойваюць на справаздачах аб тым, што яны робяць падчас “фортачак” у раскладзе. І гэта ўсё — на фоне звальненняў за скаргі аб нізкіх заробках і неабходнасці браць дадатковыя гадзіны, каб пракарміць сем’і”, — цытуе палітыка яе прэс-служба.

Паводле яе слоў, у выніку “дасведчаныя спецыялісты пакідаюць школы, маладыя настаўнікі не бачаць перспектывы ў прафесіі, а тыя, хто застаюцца, вымушаныя весці па некалькі прадметаў адначасова”.

“Але я захапляюся вамі, бо, нягледзячы ні на што, вы працягваеце адукоўваць дзетак. Даеце ім падтрымку і не дазваляеце падмяняць месцамі дабро і зло. Тлумачыце, што прасіць прабачэння, калі памыляешся, — гэта праява сілы, а не слабасці, а дапамагаць тым, хто апынуўся ў бядзе, — чалавечнасць, а не геройства. Вучыце не проста “адказваць па падручніку”, а самастойна думаць, прымаць рашэнні і абараняць свае погляды. Накіроўваеце іх, каб пазбегнуць памылак. А калі памылкі ўсё ж трапляюцца, то тлумачыце: гэта таксама вопыт, і заўсёды можна звярнуцца па дапамогу”, — адзначыла Ціханоўская.

“Я ведаю, як цяжка часам бывае з дзецьмі. Але я ганаруся вашай здольнасцю слухаць і чуць дзяцей — і даказваць кожнаму беларусу і кожнай беларусцы, што яны з’яўляюцца асобамі”, — дадала яна.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншаванні назваў Дзень настаўніка “сапраўды ўсенародным святам”.

“Гэта свята людзей самай высакароднай, адказнай і паважанай прафесіі ў свеце, якая працягвае тысячагадовую гісторыю падзвіжніцтва і настаўніцтва”, — перадае словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Ён падзякаваў “выхавальнікам, настаўнікам, выкладчыкам, ветэранам педагагічнай працы” за “вернасць прызванню, добрае і ўважлівае стаўленне да юнага пакалення, высокі прафесіяналізм і захаванне лепшых традыцый айчыннай адукацыі”.

“Перакананы, паспяхова ўкараняючы самыя прагрэсіўныя тэхналогіі ў навучанне і выхаванне, падвышаючы прэстыж і значнасць адукацыйнай сферы, вы зробіце ўсё, каб прынцып “школа — гэта храм, а педагог — святое” стаў галоўным арыенцірам для кожнага – вучняў, бацькоў, настаўнікаў”, — заявіў Лукашэнка.

Пра масавыя затрыманні і выклікі ў КДБ па справе праекта “Адукаванка” паведаміў 18 верасня праваабарончы цэнтр “Вясна”.

“Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю аб палітычным пераследзе настаўнікаў з усёй краіны, якія былі ў тэлеграм-чаце праекта “Адукаванка”, — гаварылася ў паведамленні. — У гэтым чаце абмяркоўвалі ўрокі, інавацыйныя тэхналогіі выкладання матэрыялаў і гэтак далей”.

За дзень да гэтага стала вядома, што 28 жніўня Камітэт дзяржбяспекі прызнаў згаданы праект “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Датычнымі да “фарміравання” ўказаныя Кацярына Куксо і Алена Мельчанка.

“Адукаванка” — некамерцыйная грамадзянская ініцыятыва, якая займаецца пытаннямі ўдасканалення адукацыі. Сярод іншага праект прапануе педагогам экспрэс-курсы, канструктары ўрокаў, навучальныя чат-боты і карысныя матэрыялы для запампоўкі.

Паводле звестак Белстата, заробкі ў сферы адукацыі — адны з самых нізкіх у Беларусі. У жніўні іх сярэдні памер склаў 1.492,4 рубля, паменшыўшыся за месяц на 4,8% (1.566,9). Сярэдні заробак у Беларусі за жнівень склаў 2.341,2 рубля, паведаміў статыстычны камітэт.

Падзяліцца: